АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Офіс ААН у Жэневе не згодны з абвінавачаннямі ў фінансаванні пратэсту ў Беларусі

Офіс Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека не згодны з версіяй афіцыйнага Мінска пра фінансаванне пратэстаў у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў адказе, які атрымала Радыё "Свабода".


"Мы не прымаем характарыстыку дадзенай сытуацыі, асабліва версію падзей, якую адлюстроўваюць СМІ, падкантрольныя дзяржаве", — заявіў прэсавы прадстаўнік Офіса Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ў Жэневе Руперт Колвіл.

Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі, што Прадстаўніцтва ААН у Беларусі фінансавала пратэсты. Пра гэта казаў нават міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

На гэтым тыдні тэлеканал АНТ у сюжэце журналіста Ігара Тура паведаміў, быццам 5000 долараў, вылучаных ААН на падтрымку людзей з інваліднасцю і ахвяр хатняга гвалту, былі выкарыстаныя немэтава. У гэтым тэлеканал абвінаваціў былога старшага дарадцу па правах чалавека прадстаўніцтва ААН у Беларусі Омэра Фішэра. Паведамлялася, што чыноўнік ААН вылучыў гэтыя грошы на аплату адвакатаў 23 удзельнікам пратэстаў — у тым ліку кіраўніку і юрысту Офіса па правах людзей з інваліднасцю. 

"З частковай інфармацыі, пададзенай ААН да гэтага часу, вынікае, што абвінавачанні датычаць выканання службовых функцый службовымі асобамі ААН дзеля рэалізацыі праграмы ААН. Наконт гэтага паміж урадам і арганізацыяй па-ранейшаму існуе розніца ў поглядах", — гаворыцца ў адказе Руперта Колвіла.

Прадстаўнік ААН выказаў глыбокае шкадаванне з нагоды таго, што на дзяржаўным тэлеканале былі агучаныя сур'зныя абвінавачанні на адрас супрацоўнікаў арганізацыі: "У тым ліку выкарыстанне запісаў размоваў з дзяржаўнымі асобамі ў афіцыйных памяшканнях, што відавочна парушае права на прыватнае жыццё і належную працэдуру".

euroradio.fm
09:18 16/10/2021


Загрузка...
Загрузка...