АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Павел Латушка пра новую крымінальную справу супраць яго: Гэта прызнанне эфектыўнасці НАУ і Офіса Ціханоўскай

Следчы камітэт РБ распачаў яшчэ адну справу супраць Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі.

 Крымінальная справа ўзбуджаная паводле арт. 382 («Самавольнае прысваенне звання ці ўлады службовай асобы») КК Беларусі. Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць да двух гадоў пазбаўлення волі, паведамляе «Радыё Свабода».

Павел Латушка ў эфіры «Настоящего времени» назваў гэтае рашэнне беларускіх улад «фактычным прызнаннем эфектыўнасці» кіруемага ім «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення», а таксама Офіса Ціханоўскай. Ці будуць аб’яднаныя справы ў дачыненні да апазіцыянераў, Латушку, паводле яго, не цікавіць.

«Я ўсведамляю сфальсіфікаванасць, сфабрыкаванасць усіх гэтых спраў, — каментуе палітык. — Калі пра былога міністра культуры, дырэктара нацыянальнага тэатру, сталага прадстаўніка Беларусі пры UNESCO можна сказаць, што ён тэрарыст, і за гэта мне пагражае смяротнае пакаранне — гэта, вядома, сумна, але галоўнае, што гэта не дэматывуе мяне. І я ўчора перапісваўся са Святланай, я разумею, яна таксама да гэтага так ставіцца. Гэта, хутчэй, матывуе да таго, што мы павінны быць яшчэ больш эфэктыўнымі».

Беларусаў, паводле Латушкі, такія крымінальныя справы таксама не дэматывуюць.

«Яны гатовыя працягваць сваю барацьбу, гатовыя ў адпаведны вырашальны момант праявіць гэта вонкава, таму што гэта існуе ўнутрана: мы бачым і „партызанскі“ рух, мы бачым і падпольны мірны рух, калі вывешваюцца сцягі, сімволіка, раскідваюцца ўлёткі, людзі вельмі актыўна глядзяць ютуб-каналы і гэтак далей. Улада, вядома, будзе процідзейнічаць. Яна, перш за ўсё, будзе процідзейнічаць у інфармацыйнай прасторы, таму што ўсе аналізы абсалютна ўсіх сацыялагічных груп паказваюць, што сёння інфармацыйны парадак дня за намі», — адзначыў палітык.

Паводле даных «Chatham House» на пачатак 2021 года, толькі чвэрць беларусаў давяралі Аляксандру Лукашэнку, піша Новы час.


22:18 13/10/2021


Загрузка...
Загрузка...