АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Вельмі дарагое адзінства: улады спускаюць на новае свята сотні тысяч рублёў

Створанае нядаўна Лукашэнкам новае свята — "Дзень народнага адзінства" — адзначаць будуць, мяркуючы па ўсім, з вялікім размахам.

 Вельмі дарагое адзінства: улады спускаюць на новае свята сотні тысяч рублёў
Тут не толькі вялікія канцэрты ў Мінску, але і мерапрыемствы практычна ў кожным беларускім райцэнтры. А ўсё гэта, як вядома, каштуе грошай, адзначае euroradio.fm

 

Сцэна за сотні тысяч

Вядома ж, з найбольшым размахам адзначаць 17 верасня будуць у Мінску. Напрыклад, толькі на матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне "форуму патрыятычных сіл" у сталіцы трацяць 650 тысяч рублёў. І такіх тэндараў два — або гэта памылка, або сумарна трата складае больш за 1,3 мільёна рублёў.

Будзе і канцэрт майстроў мастацтваў, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне якога каштуе 35 тысяч рублёў.

Але не канцэртамі і форумамі аднымі. Так, гістарычны музей выдаткаваў 85 тысяч рублёў на распрацоўку спецыяльнай выставы, прысвечанай 17 верасня.

У рэгіёнах траты на свята таксама немаленькія, хоць і саступаюць сталічным. У Барысаве толькі на спецыяльны канцэрт выдаткоўваюць больш за 30 тысяч рублёў. Светлавое шоу да свята ў Магілёве каштуе паўтары тысячы рублёў, арэнда гукаўзмацняльнай апаратуры і светлавога абсталявання — 1800.

У Брэсце толькі на пражыванне і харчаванне неназванага творчага калектыву выдаткуюць больш за 10 тысяч рублёў. Ну і асобна, вядома ж, закупяць сцягоў да свята — на 3600 рублёў.

 
Паездка на форум

Удзельнікаў спецыяльнага форуму ў "Мінск-Арэне" будуць звозіць з усёй краіны. Некаторыя выканкамы закупляюць транспартныя паслугі праз тэндары, таму можна даведацца і пра гэтыя траты.

Як прапагандысты рыхтуюць беларусаў да “дня народнага адзінства”
Дэлегацыя з Пружанаў паедзе ў Мінск за 2,5 тысячы рублёў, з Ганцавічаў — за 1400, з Полацка — за 2,4 тысячы рублёў. З Жабінкі на форум паедуць за 2,25 тысячы рублёў, з Брэста — за 2100, а з Брэсцкага раёна — за 1,45 тысячы. Акрамя таго, з горада на Бугу ў сталіцу паедзе творчы калектыў навучэнцаў, толькі на дарогу выдаткуюць 5,9 тысячы рублёў.

Памер гэтых "дэлегацый": ад двух да дзевяці дзясяткаў чалавек, у залежнасці ад горада і напрамку.

Гарады Брэсцкай вобласці таксама закупляюць дастаўку ў Бярозу, дзе пройдзе абласное святкаванне. Цэны праз адлегласць крыху ніжэйшыя, дэлегацыі таксама не такія вялікія. Прыедуць сюды і з Мінска — напрыклад, акадэмічны ансамбль танца траціць на праезд 1,25 тысячы рублёў. На харчаванне ўдзельнікаў у райцэнтры вылучаюць больш за 7 тысяч.

Большасць гасцей з мерапрыемстваў у той жа вечар будуць вяртацца назад. Але часам даводзіцца траціцца і на гатэлі. Напрыклад, віцебскія ўлады вылучылі на гэта 1,9 тысячы рублёў, брэсцкія — 4,12 тысячы.

17:56 16/09/2021


Загрузка...
Загрузка...