АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Нашто быў патрэбны расстрэльны пісталет? 22 гады таму зніклі Ганчар і Красоўскі

Апазіцыйны палітык Віктар Ганчар і бізнесмен Анатоль Красоўскі зніклі ўвечары 16 верасня 1999 года.

Нашто быў патрэбны расстрэльны пісталет? 22 гады таму зніклі Ганчар і Красоўскі
1 из 8
По Конституции 1994 года в 1999-м году должны были состояться очередные выборы президента Беларуси / "Народная воля"
Гэта быў чацвер. Кожны тыдзень у чацвер яны хадзілі ў лазню. У адну і тую — пры Мотавелазаводзе. У адзін і той час, паведамляе Еўрарадыё.

Ганчар з'ехаў з дома каля 20:00. Павінен быў вярнуцца ў 23:30 — на гэты час у яго была запланавана важная размова з кімсьці ў Маскве. Каля 21:00 ён патэлефанаваў жонцы, папрасіў запісаць выпуск навін — там паказвалі нараду Аляксандра Лукашэнкі з сілавікамі. Гаворка ішла і пра апазіцыю.

Каля 22:45 Ганчар і Красоўскі выйшлі з лазні, селі ў джып бізнесмена і зніклі. Разам з джыпам.
 
Крызісны кантэкст 1999-га
Летам 1999 года заканчваўся першы тэрмін прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Яго выбралі ў 1994-м, праз пяць гадоў павінны былі прайсці новыя выбары. Але ў 1996-м, пасварыўшыся з парламентам (тады ён называўся Вярхоўны Савет), Лукашэнка правёў канстытуцыйную рэформу. З яе прыняццем прэзідэнт апынуўся "над" іншымі галінамі ўлады.

А заадно Лукашэнка вырашыў, што рэферэндум "абнуліў" яго прэзідэнцкі тэрмін, і пачаў адлічваць пяць гадоў з моманту прыняцця новай Канстытуцыі — гэта значыць з 1996 года. Таму ніякіх выбараў у 1999-м ён праводзіць не планаваў.

Мяцежны Вярхоўны Савет тады, у 1996-м, распусцілі. А замест яго сфармавалі Нацыянальны сход. У яго ўвайшла частка дэпутатаў ВС. Але частка працягвала стаяць на сваім: рэферэндум быў незаконны, праведзены са шматлікімі парушэннямі, новая Канстытуцыя несапраўдная, а адзіны легітымны парламент — гэта Вярхоўны Савет. У 1999-м гэтая частка дэпутатаў, якая лічыла сябе легітымнай заканадаўчай уладай, паспрабавала правесці выбары прэзідэнта Беларусі.

Ганчар быў першым намеснікам старшыні ВС (а потым і в. а. старшыні) і кіраўніком альтэрнатыўнага ЦВК. З выбараў прэзідэнта (іх зладзілі ў траўні 1999-га) нічога сур'ёзнага не атрымалася. Кандыдатаў першапачаткова было двое — экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір (у траўні ўжо сядзеў у рамках крымінальнай справы) і Зянон Пазняк (у эміграцыі). Участкаў не было, сябры камісій проста хадзілі з скрынямі па дамах. Зразумела, што вынікі такога галасавання наўрад ці б хтосьці прызнаў.

Але летам зноў паднялося пытанне пра законнасць знаходжання Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта. Захад настойваў на перамовах паміж уладай і апазіцыяй. На 19 верасня была запланаваная пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета, які не жадаў распускацца, пад старшынствам Віктара Ганчара. На парадку дня было пытанне пра крокі па адхіленні Лукашэнкі ад улады. А 16 верасня — за тры дні да сесіі ВС — Ганчар знік.
 
Аскепкі шкла і фар
Недалёка ад лазні, дзе ў той вечар былі Ганчар і Красоўскі, знайшлі аскепкі шкла і фар. А яшчэ плямы крыві на асфальце. Пракуратура пачала праверку.

"Белорусская деловая газета" ў тыя дні пісала, што ў рэдакцыю асабіста патэлефанаваў кіраўнік прэс-службы КДБ: "КДБ не мае ніякага дачынення да знікнення Віктара Ганчара і занепакоены яго лёсам". Рэч у тым, што за некалькі месяцаў да гэтага гэтаксама незразумела знік яшчэ адзін яркі апанент Лукашэнкі — экс-кіраўнік МУС Юрый Захаранка. Увечары 6 траўня ён ішоў дадому і бясследна знік.

"Аляксандр Рыгоравіч! Я за Вас два разы галасавала. Мне казалі, маўляў, гэты прэзідэнт твайго Юру зняў, а ты ўсё роўна за яго галасуеш. Але я як думала? Лукашэнка з вёскі, просты чалавек, значыць, добрым прэзідэнтам будзе..." — пісала тым летам у лісце да Лукашэнкі маці Захаранкі Юлія Рыгораўна. Прасіла толькі аб адным: "Адпусціце вы яго, дайце такую каманду. Хрыстом-Богам малю".

А потым з такім жа лістом да Лукашэнкі звярталася ўжо маці Ганчара Валянціна Адамаўна: "Звяртаюся да вас, спадар Лукашэнка: успомніце маю дабрыню, прастату і гасціннасць у адносінах асабіста да вас. Дапамажыце мне вярнуць майго сына".

Першыя версіі
Улада адразу заявіла, што яна ні пры чым. У інтэрв'ю "Интерфаксу" намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Іван Пашкевіч выказаў здагадку, што Ганчар інсцэнаваў сваё знікненне, таму што пра яго сталі забываць.

"Каб прыцягнуць да сябе ўвагу, ён, хутчэй за ўсё, падобна да экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, выехаў за мяжу або на адно з лецішчаў сваіх знаёмых, дзе ў цяперашні час знаходзіцца ў поўным здароўі", — разважаў Іван Пашкевіч.

Журналістам незалежных медыя ўжо тады гэтая версія падалася сумнеўнай. У Ганчара былі вялікія планы на палітычную восень. Знікаць у гэтых умовах было неразумна.

Кіраўнік Вярхоўнага Савета 13-га склікання Сямён Шарэцкі звязаў знікненне Ганчара з будучай сесіяй: "Гэта тое самае, што адбылося са мной. Напярэдадні сесіі я быў папярэджаны, што на мяне рыхтуецца тое самае, і быў вымушаны пакінуць краіну... Лукашэнка спалохаўся сесіі і ў цэлым апазіцыі. І таму паспрабаваў абезгаловіць ВС".

Старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч заявіў, што знікненне Ганчара выгаднае перш за ўсё ўладзе: "Відавочна, што ўлады настроеныя на зрыў перамоў. Я перакананы, што перамовы не адбудуцца. Лукашэнка не здольны да дыялогу, у яго стылі толькі маналог".

Неспакой за лёс Ганчара выказалі амбасадар і Дзярждэпартамент ЗША і кіраўніцтва АБСЕ.

Аляксандр Лукашэнка, каментуючы знікненні людзей у Беларусі, на гэта адказваў: "Я б папрасіў Захад пашукаць іх у сябе, перш чым рабіць гучныя заявы".

#1# 

"Кіньце шукаць Захаранку і Ганчара"
У лістападзе 2000 года быў затрыманы камандзір роты САХРа Дзмітрый Паўлічэнка. За што, стане ясна яшчэ праз год — летам 2001-га.

Затрыманне Паўлічэнкі ініцыяваў Уладзімір Мацкевіч, на той момант — кіраўнік КДБ. Ён матываваў гэта тым, што "ў матэрыялах аператыўнай распрацоўкі ёсць верагодныя звесткі пра тое, што Паўлічэнка Дзмітрый Валер'евіч арганізатар і кіраўнік злачыннай групы, якая займаецца выкраданнямі і фізічнай ліквідацыяй грамадзян". Пракурор Алег Бажэлка даў санкцыю на затрыманне.

Але ўжо праз некалькі дзён Паўлічэнку вызвалілі, а Мацкевіча і Бажэлку адправілі ў адстаўку. Пазней Бажэлка як быццам бы расказваў экс-міністру сельскай гаспадаркі Васілю Лявонаву пра сваю размову ў тыя дні з Лукашэнкам.

"Ты давёў мяне да знясілення. Я начамі не сплю, глытаю жменямі таблеткі. А ты капаеш, капаеш пад мяне. Кіньце шукаць Захаранку і Ганчара. Вам што, трэба, каб апазыцыя насіла труны з іх целамі па Мінску? Шукайце Дзіму!" — нібыта казаў тады Лукашэнка генпракурору. Дзіма — гэта аператар расійскага ОРТ Дзмітрый Завадскі, ён бясследна знік летам 2000-га.

Усё гэта Бажэлка, па словах Лявонава, расказваў яму ўвесну 2001-га. А летам 2001-га ў прэсу трапілі асобныя матэрыялы крымінальнай справы аб зніклых палітыках. У тым ліку два рапарты: начальніка СІЗА палкоўніка ўнутранай службы Алега Алкаева і начальніка галоўнага ўпраўлення крымінальнай міліцыі МУС Мікалая Лапаціка.
 
Расстрэльны пісталет
З гэтых дакументаў выходзіла, што за месяц да першага знікнення, гэта значыць у красавіку 1999-га, дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман даў указанне тагачаснаму кіраўніку МУС Юрыю Сівакову дапусціць Дзмітрыя Паўлічэнку ў СІЗА №1 "у час выканання працэдуры расстрэлу" прысуджаных да смяротнага пакарання — паглядзець, як гэта адбываецца і што потым робяць з целам. Пазней — 6 траўня 1999 года — Шэйман даў указанні Сівакову выдаць Паўлічэнку пісталет, якім прыводзіцца ў выкананне прысуд.

Далей, піша ў сваім рапарце кіраўнік ГУ КМ МУС, "Шэйман В. У. даў указанні Паўлічэнку фізічна знішчыць былога міністра ўнутраных спраў Захаранку". Лапацік апісвае, хто сачыў і хто праводзіў "акцыю захопу і наступнага знішчэння". 8 траўня пісталет вярнулі ў СІЗА. А ў верасні зноў узялі. Тады, нагадаем, зніклі Ганчар і Красоўскі.

"Месца пахавання трупаў Захаранкі Ю. М., Ганчара В. І., Красоўскага А. С. — спецучастак апошніх магіл на Паўночных могілках", — завяршае свой рапарт Лапацік.

Рапарты былі сапраўдныя, гэта ўскосна пацвердзіў ужо наступны міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў. "Нядобрасумленныя ў маральным плане дзеячы выкарыстоўваюць фрагменты дакументаў з крымінальнай справы, якія пры пэўнай форме падачы могуць неверагодн інтэрпрэтавацца", — казаў ён у тыя дні журналістам. Гэта значыць, такія дакументы ў крымінальнай справе былі.

БДГ удалося пагаварыць з Алегам Алкаевым. Улетку 2001-га, калі яго рапарт трапіў у газеты, ён аператыўна з'ехаў з краіны — звальняўся ўжо з бяспечнай адлегласці. "Я пацвярджаю: рапарт падпісаны маёй рукой, пратакол допыту, натуральна, следчы друкаваў, але з маіх слоў. Я распісаўся пад кожным аркушам. Самі дакументы, мяркуючы па ўсім, знішчаныя. Але копіі знятыя з сапраўдных дакументаў", — казаў ён.

Алкаеў расказаў і як упершыню западозрыў нешта нядобрае: убачыў у газеце фота зніклых палітыкаў і супаставіў даты. "Патэлефанаваў свайму збройніку і папрасіў прынесці журнал уліку выдачы зброі. Паглядзеў і жахнуўся. 30 красавіка выдадзены пісталет, 14 траўня — вернуты, а 7 траўня знікае Захаранка. Потым 16 верасня раніцай у мяне атрымлівае пісталет ад'ютант міністра ўнутраных спраў, 18-га пісталет вяртаюць, а 16-га ўвечары знікаюць Ганчар і Красоўскі. Адзін раз можа быць супадзенне, але двойчы — гэта вельмі падазрона", — расказваў былы начальнік СІЗА №1.

Па словах Алкаева, той пісталет, якім у СІЗА прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды, прызначаны толькі для паражэння ва ўпор, "гэта значыць на адлегласці, на якой можа працаваць звычайны пісталет, наш не падыходзіць. У яго нізкая забойная сіла".

Але навошта было так ускладняць, казалі тады крытыкі гэтай версіі. Чаму для забойства — калі гаворка пра забойства — не выкарыстоўвалі хоць якую іншую, больш даступную зброю? Пра гэта, у прыватнасці, казаў той жа Сівакоў — адзін з фігурантаў схемы, як вынікала з рапарта Лапаціка.

"Калі зыходзіць з высноў, якія робяцца цяпер у прэсе, то, выбачайце, на храна мне патрэбен быў гэты пісталет? Што, у МУС мала зброі, у тым ліку канфіскаванай?" — казаў Сівакоў. Але ў Алкаева было тлумачэнне і на гэта.

"Магу сказаць пра адну з уласны версій, для чаго браўся пісталет. Ён быў патрэбны, каб надаць забойству рытуал прывядзення ў выкананне прысуду. Каб зняць частку грузу адказнасці з асоб, якія гэтую справу рабілі: вось вам спецыяльная зброя — гэта не забойства, гэта прывядзенне ў выкананне прысуду. Магчыма, быў і прысуд. Фальшывы. Сівакоў любіць усякія рытуалы", — казаў ён.

Праз пару гадоў пракуратура Мінска прыпыніла расследаванне крымінальных спраў па фактах знікнення Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
 
Новыя сведчанні
Праз амаль 20 гадоў — у 2019 годзе — агучаная вышэй версія знікнення апанентаў Аляксандра Лукашэнкі знайшла новае пацвярджэнне. Нямецкая DW пагутарыла з Юрыем Гараўскім, былым сахраўцам, які прызнаўся, што быў у групе, якая ліквідавала палітыкаў. І падрабязна расказаў, як сачылі, затрымлівалі і забівалі. Камандаваў, па словах Гараўскага, Дзмітрый Паўлічэнка.

Ён, дарэчы, дагэтуль у страі. У мінулую выбарчую кампанію агітаваў за Лукашэнку і, як сам кажа, "не застаўся ўбаку і быў удзельнікам разгону пратэстоўцаў з першых хвілін". Адстаўнога афіцэра бачылі сярод афіцыйных асоб на агароджанай тэрыторыі каля Палаца Незалежнасці. У афіцыйных СМІ Паўлічэнка — старшыня Савета Беларускай асацыяцыі ветэранаў падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння войскаў МУС "Гонар".

Віктар Шэйман да нядаўняга часу таксама быў ва ўладзе. Толькі пару месяцаў таму Лукашэнка адпусціў яго ў адстаўку з пасады кіраўніка Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Але тут жа папрасіў "далёка не сыходзіць".

Сівакоў і Навумаў — у адстаўцы. Але маўчаць. Хоць што тут ужо скажаш.

10:26 16/09/2021


Загрузка...
Загрузка...