АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

АНТ заяўляе, што ў Ціханоўскіх і Бабарыкі быў агульны бізнес. Папраўдзе не

ДзяржСМІ спрабуюць спекуляваць магчымымі сувязямі Ціханоўскіх і Бабарыкі

 АНТ заяўляе, што ў Ціханоўскіх і Бабарыкі быў агульны бізнес. Папраўдзе не
Дзяржаўны беларускі тэлеканал АНТ спекулюе на тэме сувязяў паміж Сяргеем і Святланай Ціханоўскімі і Віктарам Бабарыкам. Вядучы АНТ Ігар Тур намякае на тое, што Ціханоўскія ўдзельнічалі ў адным з бізнесаў Бабарыкі — кампаніі "Хайв Проджэкт". Гэта фірма займалася краўд-платформамі Ulej і Mola Mola.

У якасці доказу ў сюжэце ёсць запіс зум-канферэнцыі, у якой Вольга Карач (а вы заўважылі, што многія "злівы" АНТ будуюцца менавіта на запісах з яе ўдзелам?) адказвае на чыёсьці пытанне пра датычнасць Ціханоўскіх да "Хайв Проджэкт":

— Так, вядома, ведаю, гэта якраз там дзве краўдфандынгавыя платформы, якія ствараліся сынам Бабарыкі і Антонам Матолькам — якраз вось шэрагам людзей, якія сёння знаходзяцца каля Святланы Ціханоўскай.

Далей той жа мужчына (ён не падпісаны, але мы чуем мужчынскі голас) наракае: незалежныя СМІ зусім не пішуць на гэту тэму, хоць ён нібыта звяртаўся "ў рэдакцыі". У рэдакцыю Еўрарадыё ніхто з гэтай тэмай не звяртаўся, але мы ўсё роўна вырашылі правесці фактчэкінг.

Згодна з Адзіным дзяржаўным рэестрам юрыдычных асоб, уладальнік кампаніі "Хайв Проджэкт" з жніўня 2019 года — латвійская "МВС Інвестмент". Ёю, у сваю чаргу, валодаюць грамадзяне Латвіі Аляксандр Растоў і Аляксей Сцяпанаў. Раней у спісе заснавальнікаў былі Антон Марозаў, Андрэй Васін і ТАА "Прававы дыялог", адным з саўладальнікаў якой быў Эдуард Бабарыка. Таксама сярод уласнікаў "Прававога дыялогу" значыліся Андрэй Харлановіч, Аляксей Герашчанка і Антон Марозаў, Святлана Дабралёт, Белгазпрамбанк, "Алдзі Проджэктс" і тая ж "МВС Інвестмент".




Сярод уласнікаў "МВС Інвестмент" і "Алдзі Проджэктс" Ціханоўскіх таксама няма. Як і сярод уласнікаў Белгазпрамбанка. Такім чынам, долі ў "Хайв Проджэкт" ні ў Сяргея, ні ў Святланы Ціханоўскіх ніколі не было. Інфармацыі пра іншыя магчымыя ўзаемасувязі з Віктарам Бабарыкам таксама няма.
 
Хто запусціў фэйк пра сувязь Ціханоўскіх і Бабарыкі

Упершыню Святлана Ціханоўская і "Хайв Проджэкт" былі згаданыя ў адным сказе кіраўніцай ЦВК Лідзіяй Ярмошынай у час рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты — яна заявіла пра неадзначаную ў дэкларацыі долю.

Спецыяльна ці не, але Ярмошына агучыла тады няправільную інфармацыю: у той момант у працэсе ліквідацыі знаходзілася зусім іншая юрыдычная асоба ("Вясёлка забаў" ("Радуга развлечений")), ва ўласніках якой сапраўды былі Ціханоўскія. І гэта юрыдычная асоба ніяк не звязана з Віктарам Бабарыкам.

Праўда, АНТ чамусьці не знайшло час гэта праверыць.

14:16 15/04/2021


Загрузка...
Загрузка...