АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Сілавікі адпусцілі гарадзенскіх журналістаў Анджэя Пісальніка і Інэсу Тодрык-Пісальнік


Затрыманыя 14 красавіка журналісты і актывісты СПБ Анджэй Пісальнік і Інэса Тодрык-Пісальнік на волі. Пра гэта Белсату паведамілі іх родныя. Ранкам да іх у кватэру прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Пасля Анджэя і Інэсу павезлі ў Мінск. Праз некалькі гадзін іх адвезлі назад у Горадню. Каля 22 гадзін яны ўжо былі дома.


Анджэй Пісальнік, шэф znadniemna.pl. Фота: Беларуская асацыяцыя журналістаў


У Мінску іх дапыталі ў якасці сведак па «справе палякаў». Агляду ў іх доме ўсё ж не было, як была інфармацыя раней.

Генпракуратура раніцай 14 красавіка паведаміла, што гарадзенскаму журналісту і прэс-сакратару Саюзу палякаў у Беларусі Анджэю Пісальніку вынесена афіцыйнае папярэджанне за тое, што ён у эфіры польскіх радыёстанцыяў «Radio 24» і «Radio 4» на пачатку красавіка 2021 года выказаў шэраг меркаванняў. Так, Анджэй Пісальнік заявіў, што ў беларускіх СМІ пачалася шырокамаштабная прапаганда супраць Польшчы. І робіцца гэта для таго, каб «стварыць вобраз палякаў як людзей другой катэгорыі», ачарніць іх у вачах грамадства і зрабіць з палякаў ворагаў народу, «як было ў сталінскі час».

Гарадзенская пракуратура пабачыла ў гэтых выказваннях змест, які супярэчыць патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб нацыянальных меншасцях і аб супрацьдзеянні экстрэмізму.

08:52 15/04/2021


Загрузка...
Загрузка...