АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Ігар Лосік спыніў галадоўку

Палітвязьня ў жодзінскім СІЗА наведаў адвакат.

Ігар Лосік спыніў галадоўку
Кансультант Радыё Свабода і адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году — 212 дзён. З 15 сьнежня 2020 году Ігар галадае. Ён адмаўляецца прымаць ежу на знак пратэсту супраць выстаўленьня новых абвінавачваньняў па артыкуле 293 — падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках. Раней Ігара абвінавачвалі толькі па 342 артыкуле Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Стан Ігара пачаў пагаршацца пасьля месяца галадоўкі, на мінулым тыдні яго перавялі ў камэру, дзе ўсталяванае кругласуткавае відэаназіраньне. Па словах палітвязьня, ён мае сур’ёзныя праблемы з ціскам, які рэзка зьмяняецца на працягу дня. Ігара ў камэры пэрыядычна назіраюць турэмныя лекары, з ім таксама размаўляў псыхоляг.

25 студзеня з Ігарам Лосікам у сьледчай турме Жодзіна сустрэўся яго адвакат Дзьмітры Лепрэтар. Праз яго Ігар перадаў вялікі зварот да ўсіх, хто яго падтрымліваў.

"Я вырашыў спыніць галадоўку, — перадаў Ігар з-за кратаў. — Чаму я гэта зрабіў? Сапраўды па ўласным жаданьні. Я не прымаў ежу больш за сорак дзён, і адчуваю ў сабе сілы і магчымасьці пратрымацца яшчэ. Але мяне проста ўзрушыла неверагодная хваля салідарнасьці. А таксама просьбы сотняў і тысяч беларусаў спыніцца, дачакацца нашай агульнай перамогі здаровым.

А яшчэ я ведаю, што многія таксама пачалі галадоўку, пакуль галадаю я. Я не магу ўзяць на сябе такі вялікі груз адказнасьці, не хачу, каб за мой сьвядомы выбар пакутавалі іншыя. Чытаючы ўсе вашы просьбы ў лістах, я зразумеў, што проста не магу хваляваць і прымушаць хвалявацца сваю сям’ю і ўсіх вас.

У мяне ніколі не было жаданьня неяк вылучацца, я не хацеў публічнасьці.

Я хацеў проста спакойна жыць і гадаваць сваю дачку. Але мяне вымусілі пайсьці на гэтую крайнюю меру.

Мяне арыштавалі задоўга да выбараў, і я не ўяўляў, не ўсьведамляў тых кардынальных змен, якія адбыліся за апошнія паўгода. З турмы гэта не так прыкметна. Я зразумеў, што магу на вас разлічваць, таму што ў вас усё атрымаецца. Цяпер я ў гэтым абсалютна ўпэўнены. Вам не чужыя спачуваньне і салідарнасьць, а ім пляваць на пакуты сотняў семʼяў, дзяцей, на чалавечыя жыцьці. Вы не падвядзе. Зараз такія часы калі няма няправільных рашэньняў, ёсць учынкі.

За зімой абавязкова надыходзіць вясна, ноч зьмяняецца сьвітаньнем. Гістарычныя працэсы яшчэ нікому не ўдалося адмяніць або спыніць ніякімі дэкрэтамі, арыштамі або расстрэламі.

Усім-усім вялікі дзякуй за падтрымку, буду чакаць добрых навінаў.

P.S. Шмат хто пісаў, што я нічога не дабʼюся. Гэта не так. Сваім учынкам я прыцягнуў увагу не толькі да сваёй справы, але і да становішча з палітычнымі зьняволенымі ў нашай краіне. Зараз пра нас усіх кажуць гучна і на ўсіх магчымых пляцоўках патрабуюць вызваленьня нявінна арыштаваных і асуджаных. Гэта нямала. Спадзяюся, што з спыненьнем маёй галадоўкі тэма палітычных зьняволеных не сыдзе з грамадзкага парадку. Яшчэ раз усім дзякуй за падтрымку і салідарнасьць".

17:20 25/01/2021


Загрузка...
Загрузка...