«Вы ўсведамляеце сваю віну?» У Менску затрымалі дзяўчыну за надпіс «Пуцін» на туалетным ёршыку
Газета адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі «СБ-Беларусь сегодня» выклала відэа апытання іншадумцаў, затрыманых у Менску 23 студзеня. Гэтыя відэаролікі здымаліся ў пастарунках міліцыянтамі.
У газеце «СБ-Беларусь сегодня» ўчора ўвечары быў апублікаваны артыкул прапагандысткі Людмілы Гладкай, прысвечаны суботнім пратэстам у Менску. У артыкуле на сайце быў выкладзены шэраг відэаролікаў, дзе міліцыянты апытваюць затрыманых. З гэтых апытанняў можна зразумець, што было падставай для пераследу менчукоў.
Напрыклад, маці чацвярых дзяцей Святлана Вольская кажа, што была затрыманая за тое, што «суперажывала палітвязню Ігару Лосік». «Я напісала плакат і шпацыравала з ім па вуліцы», – распавядае яна. На відэа, апублікаваным у сеціве, жанчыну прымушаюць назваць сваё месца жыхарства і рэгістрацыі. Пры гэтым міліцыянт ігнаруе просьбу жанчыны назваць сваё імя.
30-гадовая Таццяна Чарвякова была затрыманая за тое, што «суправаджала хлопца, які паставіў ёршыкі з надпісам Пуцін каля амбасады Расеі».
«Вы ўсведамляеце сваю віну або не разумееце, што вы здзейснілі? – пытаецца ў яе міліцыянт на відэа, – Вы напісалі на прадмеце прозвішча. Чыё гэта прозвішча?.. То бок, вы ўсведамлялі, што прыйшлі да амбасады і напісалі прозвішча прэзідэнта РФ. Ці прызнаеце сваю віну?»
З відэа вынікае, што аднаго з іншадумцаў затрымалі за сцяг у сваёй кватэры.
«Мяне затрымалі на Гарадскім вале. Я знаходзіўся дома, я вывесіў за акно сцяг», – кажа мянчук Максім.
Яшчэ двух чалавек затрымалі за тое, што «стаялі каля дарогі са сцягам».
Нагадаем, 23 студзеня ў розных кропках Менску і ў іншых гарадах краіны прайшлі акцыі салідарнасці ў падтрымку палітзняволеных. Іх удзельнікаў затрымлівалі сілавікі. У спісе Праваабарончага цэнтру «Вясна» 131 прозвішча дэманстрантаў, якія былі затрыманыя ў Менску. Валанцёры суполкі «Спісы затрыманых» публікуюць імёны 156 чалавек.
12:48 24/01/2021
Загрузка...
Загрузка...