АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Затрымлівалі аднаго - судзілі іншага. На чатыры гады "хіміі" асудзілі Уладзіміра Хамічкова

20 студзеня суд Маскоўскага раёна Мінска вынес прысуд Уладзіміру Хамічкову, якога абвінавачвалі ў супраціве васьмярым супрацоўнікам АМАП і актыўным удзеле ў групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Падзеі адбываліся ўвечары 14 ліпеня ў Мінску.


Суддзя Таццяна Пірожнікава палічыла Уладзіміра Хамічкова вінаватым і прызначыла яму пакаранне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса - два гады абмежавання волі, а па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса - чатыры гады абмежавання волі. Канчаткова прызначыла пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на чатыры гады, перадае ПЦ Вясна

Таксама суд пастанавіў спагнаць з абвінавачанага на карысць ГУУС Мінгарвыканкама за псаванне маёмасці 104 рублі 40 капеек, у даход дзяржавы - дзяржпошліну ў памеры 5 рублёў 23 капейкі і 174 рубля, задаволіць грамадзянскія пазовы пацярпелага Гутара і Апячонка на кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 2500 рублёў кожнаму, спагнаць іпрацэсуальныя выдаткі ў даход дзяржавы ў памеры 692 рублі 36 капеек.

На пасяджэнні, якое адбылося 19 студзеня, дапыталі абвінавачанага, суд вывучыў пісьмовыя матэрыялы справы і рэчавыя доказы, таксама адбыліся спрэчкі бакоў.

Уладзімір Хамякоў віну не прызнаў, сказаў, што ў той дзень ён прагульваўся ў раёне Нямігі і зайшоў у кафэ KFC, каб купіць марозіва. Нікога не штурхаў, ударыць супрацоўнікаў не спрабаваў. У нейкі момант адчуў на сваім плячы чыюсьці руку, затым упаў, яго выцягнулі на вуліцу. Хацеў падняцца, але хтосьці з супрацоўнікаў падчас затрымання моцна сціснуў яго шыю, яму было цяжка дыхаць, і ён спрабаваў вызваліцца. Затым яго паднялі, шляхам загіну рукі за спіну павялі ў службовы аўтамабіль. Затрымлівала яго не менш за пяць чалавек. На пытанні дзяржабвінаваўцы Уладзімір Хамякоў адказваць адмовіўся.

У пацярпелага Асколкава ўдакладнялі, як супрацоўнікі АМАП папярэджвалі грамадзянаў аб незаконнасці масавага мерапрыемства, калі на адным з прадстаўленых у судзе відэа бачна, што міліцыянеры нікога ні пра што не папярэджваюць, а выскокваюць з аўтобуса і хапаюць усіх запар. Яго таксама пыталіся, у які менавіта момант ён папярэджваў пра гэта Хамічкова. У выніку Асколкаў успомніў, што сказаў пра гэта абвінавачанаму перад тым, як яго пасадзілі ў мікрааўтобус.

Цікава, што некалькі разоў у суд у якасці сведкі выклікалі Мацюхіну, але яна ні разу не з'явілася. Таксама суд адмовіў у хадайніцтве абароны аб абвяшчэнні яе паказанняў, якія былі дадзеныя на папярэдне следстве. Абаронца Хамічкова звярнуў увагу суда, што ў паказаннях менавіта гэтага сведкі ўгледжваецца тое, у чым быў апрануты чалавек, якога затрымлівалі. Таксама ён і падсудны настойваюць, што чалавек, пра затрыманне якога кажуць усе пацярпелыя і сведкі - не Хамічкоў, а нехта іншы. Пры гэтым на відэа з KFC твару затрымліваемага чалавека не відаць, а толькі цела і ногі.

Што было агучана падчас спрэчак бакоў?

Дзяржабвінаваўца лічыць, што віна Уладзіміра Хамічкова ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 342 і ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса, даказаная, прасіла суд прызнаць яго вінаватым і прызначыць яму ў сукупнасці пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 4 гады з адбываннем яго ва ўстанове адкрытага тыпу. Таксама прасіла задаволіць заяўлены грамадзянскі пазоў пацярпелых аб кампенсацыі шкоды.

З усіх пацярпелых удзельнічаць у спрэчках выявіў жаданне толькі Асколкаў. Ён заявіў, што не лічыць сябе пацярпелым па гэтай крымінальнай справе, бо абвінавачаны ў рамках адміністрацыйнага працэсу аказаў непадпарадкаванне пры затрыманні, а не супраціў, і ў яго няма ніякіх прэтэнзій да Хамічкова.

Адвакат сказаў, што Уладзімір Хамічкоў падлягае апраўданню па абодвум артыкулах абвінавачвання, бо яго віна ў судовым пасяджэнні не была даказаная, а ў яго дзеяннях адсутнічае склад злачынства.

Ён звярнуў увагу суда на тое, што ў судовым пасяджэнні была даследаваная справа аб адміністрацыйным правапарушэнні, у якой маецца пастанова суда Цэнтральнага раёна, згодна з якой Хамічкоў быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП. У гэтай пастанове пазначана, што судом было ўстаноўлена: Хамічкоў прыняў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, выкрыкваў лозунгі "Ганьба". Звяртаючыся да пастановы ў якасці абвінавачанага, а менавіта прыпісванне яму тых дзеянняў, якія на думку крымінальнага пераследу з'яўляліся дзеяннямі, што груба парушалі грамадскі парадак, бачныя тыя ж самыя дзеянні, якія ўтрымліваюцца ў пастанове суда Цэнтральнага раёна - плясканне ў далоні, выкрыкванне лозунгаў. Пры гэтым арт. 23.34 КаАП прадугледжвае парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў у тых выпадках, калі ў дзеяннях асобы, якая прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, няма складу злачынства.

Таксама гэтай пастановай дадзена ацэнка і непадпарадкаванню Хамічкова законным патрабаванням двух пацярпелых па справе - Асколкава і Кудзіна. Пры чым названае непадпарадкаванне адбылося непасрэдна каля спецтранспарту міліцыі, якое не пацверджана ні наяўнымі доказамі, ні відэазапісам. Пасля таго, як быў затрыманы чалавек у KFC, якога ўсе пацярпелыя называюць Хамічковым, гэты чалавек не аказваў ніякага супраціву, і на відэа можна было бачыць, як супрацоўнікі нясуць грамадзяніна і перадаюць яго ў аўтамабіль.

Што тычыцца абвінавачвання па ч. 2 арт. 363 КК, то згодна з заканадаўствам, гвалт павінны прычыняцца наўмысна і мэтай прымянення дадзенага гвалту з'яўляецца прычыненне болю і пакутаў асобам, якія яго затрымліваюць. Ва ўсіх матэрыялах справы, дзе ідзе апісанне дзеянняў асобы, якая затрымліваецца ў памяшканні кафэ, можна ўбачыць прыкметы і абставіны негвалтоўнага супраціву. Пры гэтым ніхто з пацярпелых не заяўляў, што Хамічкоў мэтанакіравана наносіў удары. Паводле паказанняў абвінавачанага ў дадзеным судзе і ў судзе Цэнтральнага раёна, Уладзімір Хамічкоў быў затрыманы недалёка ад KFC, ёсць несупадзенне па часе фактычнага затрымання падсуднага (23.40) і часе на адгледжаных відэазапісах з кафэ (з 23.00 да 23.20), а таксама на іх абвінавачаны сябе не пазнае. Ні на адным адгледжаным відэазапісе няма моманту, дзе было б відаць твар затрыманага. Якім чынам быў ідэнтыфікаваны Хамічкоў, як асоба затрыманая ў KFC, незразумела, бо судом не была прызначаная якая-небудзь экспертыза, больш таго не было канфіскаванае і далучанае ў якасці рэчавых доказаў адзенне абвінавачанага. Усе пацярпелыя па справе заяўлялі следчаму, што яны не запомнілі асобу, якое затрымлівалася, і яны не могуць яго апазнаць.

У апошнім слове Уладзімір Хомічкоў прасіў суд паставіцца да справы бесстаронне і вынесці законнае і справядлівае рашэнне.

11:45 20/01/2021


Загрузка...
Загрузка...