АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

У Дуброўне затрымалі Міхаіла Чамураку, прайшоў ператрус з канфіскацыяй белых і чырвоных балонікаў

15 студзеня ў Дуброўне міліцыя затрымала 38-гадовага прадпрымальніка і актывіста Міхаіла Чамураку. Мужчыну вінавацяць у тым, што ён у грамадскім месцы райцэнтра вывесіў бел-чырвона-белыя стужкі. У доме актывіста і ў яго сваякоў прайшлі ператрусы. Канфіскаваныя паветраныя балонікі, якія віселі на акне.




Жонка Міхаіла Чамуракі Людміла пераконвае, што муж ніякіх стужак у горадзе не развешваў. Як расказала «Віцебскай Вясне», што ўчора каля 15-й гадзіны яе муж пайшоў у краму, а ўжо вярнуўся дамоў у суправаджэнні міліцыянтаў. Супрацоўнікі МУС не назваліся, паказалі пастанову на агляд памяшкання. Людміла прапанавала запрасіць іншых панятых, але службоўцы адмовілі.

«З пастановы вынікае, што бел-чырвона-белыя стужкі вывесіў муж. У доме правялі агляд. Шукалі камп'ютарную тэхніку і стужкі. З вокнаў знялі белыя і чырвоныя балонікі і павезлі ў РАУС. Праз паўгадзіны я даведалася, што Міхаіл затрыманы», – распавяла Людміла Чамурака.

Адбыўся вобшук і ў доме маці Міхаіла, а потым міліцыянты прыйшлі з ператрусам і да ягонай сястры, але яе не было ўдома.

Пасля затрымання мужа Людміла Чамурака напісала заяву, каб быць ягонай прадстаўніцай у адміністрацыйным працэсе, але ніякага адказу пакуль не атрымала. Прыняць ежу і рэчы ў пастарунку адмовіліся. Стала вядома, што праз 7 гадзін пасля затрымання Міхаіла перавезлі ў ІЧУ Воршы. Таксама жонка напісала заяву ў суд, каб пра пачатак судовага разбору яе папярэдзілі загадзя, каб паспець азнаёміцца з матэрыяламі справы.

Людміла Чамурака перакананая, што мясцовая міліцыя мэтанакіравана пераследуе іх сям’ю.

«Мяне нават не здзівіць, калі раптам аднекуль з’явяцца сведкі, якія бачылі, як мой муж развешваў тыя стужкі. Падчас апошняй адміністрацыйнай справы міліцыя пераконвала, што Міхаіл паслаў на тры літары намесніка начальніка РАУС. Але ж такога не было, і справу ў судзе яны не выйгралі. Гэтая адміністрацыйная справа паводле арт. 23.34 будзе чацвёртай па ліку. Ужо былі і суткі, і штрафы…» – падсумавала Людміла Чамурака.

11:59 17/01/2021


Загрузка...
Загрузка...