АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Біскуп Касабуцкі: магчыма распачацце крымінальнай справы ў дачыненні да мяне

Біскуп Юрый Касабуцкі, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які ў адсутнасць арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча (яго, беларускага грамадзяніна, проста не пускаюць у Беларусь) выконвае абавязкі яе кіраўніка, не выключае, што супраць яго могуць распачаць крымінальную справу. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.



Раней біскуп Касабуцкі асудзіў знішчэнне сілавікамі народнага мемарыяла Рамана Бандарэнкі ў Мінску. Ён заявіў, што страх улады перад народам расце, але "ўсе гэтыя рэпрэсіі толькі ўмацоўваюць нас". Гэтыя словы абурылі Аляксандра Лукашэнку, які загадаў разабацца і з ім, і з  кіраўніком інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы Сяргеем Лепіным, які таксама асудзіў знішчэнне мемарыялу і пабачыў у гэтым сатанізм. Ужо 18 лістапада Генпракуратура Беларусі афіцыйна папярэдзіла Касабуцкага і Лепіна "аб недапушчальнасці парушэння закону". Было заяўлена, што іх публічныя заявы "вядуць да канфрантацыі ў грамадстве", "распальваюць нянавісць да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, у тым ліку праваахоўных органаў".

"Не выключаю, што неўзабаве да пераліку катэгорый людзей, якія сядзяць за кратамі, будуць далучаныя і святары, біскуп..., — піша біскуп Юрый Касабуцкі. — Рэпрэсіі трываюць, працягваюцца допыты, і магчыма распачацце крымінальнай справы ў дачыненні да мяне і а. Сергія. Я гатовы...".

Па словах Касабуцкага, "мноства найлепшых людзей краіны ўжо пабывала за кратамі". Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі было затрымана каля 30 тысяч чалавек, у нашай краіне амаль паўтары сотні палітвязняў, перадае "Еўрарадыё".

09:43 25/11/2020


Загрузка...
Загрузка...