АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Лукашэнка: адхіліць прэзідэнта ад улады можа толькі беларускі народ

Падчас уручэння новымі амбасадарамі даверчых грамат (іх уручалі амбасадары шасці краін — Бангладэш, Ізраіль, Камбоджа, Кітай, Намібія, Пакістан, а таксама Мальтыйскі ордэн) Аляксандр Лукашэнка раптам загаварыў пра змену кіраўніцтва ў Беларусі. 

а яго словах, заходнія дзяржавы апошнім часам спрабуюць уздзейнічаць на беларускую ўладу "з мэтай звяржэння існуючага ладу". Да гэтага, маўляў, спрабуюць падключыць нават Расію.

"У сувязі з гэтым хачу сказаць, што прэзідэнта Беларусі можна адхіліць ад улады. Гэта рэальна. Падказваю шлях — ён адзін, іншых няма: толькі беларускі народ гэта зможа зрабіць на падставе тых законаў, якія сёння існуюць, і беларускай Канстытуцыі", — перадае ТГ-канал "Пул Першага" словы Лукашэнкі.

Удзельнікі мірных пратэстаў ужо неаднойчы выказвалі свае патрабаванні да ўладаў. Гэта адстаўка Аляксандра Лукашэнкі і ўсяго Цэнтрвыбаркаму, якому не давяраюць пасля шматлікіх выяўленых фактаў фальсіфікацыяў. Таксама пратэстоўцы патрабуюць вызваліць палітвязняў, спыніць гвалт на вуліцах і правесці новыя сумленныя прэзідэнцкія выбары. 

А наконт выканання законаў да беларускай улады ўзнікае куды больш пытанняў, чым да пратэстоўцаў. Можна згадаць і адвольныя затрыманні; і дзеянні невядомых людзей у масках і ў цывільным, якія нечакана аказваюцца супрацоўнікамі міліцыі; і ананімныя сведчанні ў судах; і шматлікія катаванні і здзекі з затрыманых...

13:46 24/11/2020


Загрузка...
Загрузка...