АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

У белым і з кветкамі. Жанчыны выйшлі на пікет, каб выказацца супраць гвалту на вуліцах Беларусі

Некалькі сотняў жанчынаў стаялі ў ланцугу, трымаючыся за рукі. Так яны выказваліся супраць збіцця і катаванняў мірных пікетоўцаў.


У белым і з кветкамі. Жанчыны выйшлі на пікет, каб выказацца супраць гвалту на вуліцах Беларусі
У Менску аб 11-ай каля Камароўскага рынку сталі ў ланцуг жанчыны. Жанчыны ў белай вопратцы і з кветкамі. Яны стаялі моўчкі, трымаючыся за рукі. Так жанчыны выказваліся супраць гвалту, які пануе ў беларускіх гарадах тры дні. Кожны вечар, нават нягледзячы на кепскі інтэрнэт, затрымліваюць сотні, тысячы людзей, якія проста хочуць, каб іх галасы падлічылі. Яны пачалі выходзіць адразу пасля выбараў 9 жніўня. Людзей, мірных пікетоўцаў, затрымлівалі, збівалі, выкрадалі. Дагэтуль невядомы лёс шмат якіх людзей.

– Я запрасіла сюды сваіх каляжанак і прыйшла сама таму, што я супраць таго, што адбываецца па вечарах, калі людзей жорстка збіваюць, калечаць. Гэта непрымальна, – кажа адна з жанчынаў.

– Чат быў створаны ўчора. Мы зразумелі, што ноччу выходзіць могуць не ўсе. Некаторыя падтрымліваюць толькі мірныя пратэсты. Трэба дзейнічаць і днём, мірным чынам паказаць, што мы супраць гвалту. Гэта ідэя вітала ў паветры. Я ўчора ўвечары стварыла чат для сваіх, а зараз там ужо больш за 5 000 удзельніц, – кажа другая арганізатарка мірнага пікету.

Спачатку каля Камароўкі выстраіліся ў ланцуг каля 100 жанчынаў. Потым іх стала ўдвая больш.

– Мы хочам мірным чынам паказаць, што беларусы – мірныя людзі, і што мы хочам даведацца сапраўдных вынікаў, колькі галасоў набралі кандыдаты, – кажа яшчэ адна ўдзельніца пікету.

– Нас натхнілі жанчыны, якія стварылі супольны штаб. Гэта прыклад моцных жанчын, якія паставілі сябе пад удар. Мы хочам выказаць з імі салідарнасць. А яшчэ мы бачым, што адбываецца па вечарах. Гэта балюча і страшна. Таму мы выйшлі ў знак пратэсту супраць такіх жорсткіх учынкаў, – кажа яшчэ адна ўдзельніца.

11:54 12/08/2020


Загрузка...
Загрузка...