АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Аляксандр Фядута: Чэргі ў амбасады Беларусі сталі канцом кар’еры Уладзіміра Макея

Падзеі ўчорашняй ночы яшчэ маюць патрэбу ў асэнсаванні. Мы не ведаем дакладных лічбаў, не валодаем усёй інфармацыяй. Можам казаць толькі пра падзеі ўчорашняга дня.

Аляксандр Фядута: Чэргі ў амбасады Беларусі сталі канцом кар’еры Уладзіміра Макея
Ён не паставіў кропку ў канцы палітычнай біяграфіі Аляксандра Лукашэнкі – гэта, хутчэй, пачатак заходу эпохі Лукашэнкі. Калі хапаеш патэнцыйных супернікаў-цяжкавагавікоў – а змагацца даводзіцца з хатняй гаспадыняй; калі палохаешся магчымай арганізацыяй пратэстаў – а людзі выходзяць мірна і без усякай арганізацыі. Змагаешся цягам усёй карʼеры з прывідам Захаду – і раптам бʼешся ў істэрыцы, пачуўшы слова «Расея». Усё, час скончыўся. І ты сам стаміўся, і ад цябе стаміліся. Што б ні агучыла Ярмошына, усе разумеюць: трэба сыходзіць. Не адразу, падрыхтаваўшыся, але – трэба.

Але вось кропку ў біяграфіі Уладзіміра Макея ён паставіў.

Не, Уладзімір Уладзіміравіч не зрабіў нічога крымінальнага. Проста праца яго ведамства стала відавочная ўсім, хто дагэтуль ахвотна меў з ім справу. Кіламетровыя чэргі на ўчасткі для галасавання ў амбасады бачылі ўсё, у тым ліку мясцовыя (у дачыненні да нас – замежныя) журналісты, назіральнікі і дыпламаты. Яны бачылі галоўнае: структуры МЗС, амбасады і консульствы робяць усё, каб абмежаваць колькасць тых, хто прагаласаваў. Прычым робіцца гэта недарэчна, груба і нахабна.

І так – практычна па ўсім свеце.

Не, галасаванне ў амбасадах традыцыйна не ўплывае на канчатковы вынік выбараў у Беларусі. Ну так і дайце там прагаласаваць усім, хто хоча! Хай бачаць: падлік ідзе сумленна. Гэта ж на вас спрацуе, на агульную карцінку! Аднак указанне было адно і тое ж па ўсіх амбасадах, а таму ў Маскве і ў Празе, у Варшаве і ў Кіеве тупасць загаду была аголеная да немагчымасці. Амбасады фактычна не далі прагаласаваць уласным грамадзянам.

«Голы Макей», – так сказаў мне адзін знаёмы дыпламат з краіны- чальца Еўразвязу, які выйшаў паглядзець, як галасуюць беларусы ў Кіеве. Зрэшты, каралём Уладзімір Уладзіміравіч ніколі не быў, а аголенасць сістэмы – так, гэтым разам праступіла з усёй відавочнасцю.

Ну, і каму ён цяпер патрэбны ў Менску? Ужо відавочна, што галоўную місію міністр праваліў: яму ніхто не паверыць. Ды і раней у словы пра патэнцыйную расейскую пагрозу, што распаўсюджвалі макееўцы ды промакееўскія аналітыкі, не занадта верылі. А цяпер?

Казалі, што ён хоча з’ехаць амбасадарам. Цалкам заслужаны адпачынак. Чыноўнік Макей зрабіў усё, што мог, і памёр. Ці ўбачым мы калі-небудзь нараджэнне палітыка Макея? Баюся, што не. Часу амаль не засталося. І калі ён атрымае агрэман, мы праводзім яго ў апошні дыпламатычны шлях.

Спіце спакойна, дарагі таварыш. Крыві было мала. У гэтым была і Вашая заслуга. Хай гэта Вас суцешыць.


14:58 10/08/2020


Загрузка...
Загрузка...