АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Вераніка Цапкала расказала, чаму зьехала ў Маскву

Адна з каардынатарак аб'яднанага штабу Вераніка Цапкала, якая сёньня зьехала ў Маскву, прагаласавала там у амбасадзе Беларусі.

Вераніка Цапкала расказала, чаму зьехала ў Маскву
У размове з журналістамі яна патлумачыла, што вырашыла правесьці гэты гістарычны дзень разам са сваімі дзецьмі, якіх ня бачыла некалькі тыдняў. У канцы ліпеня, неўзабаве пасьля нерэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты, разам з сынамі ў Маскву зьехаў Валеры Цапкала.

Паводле Веранікі, у аб'яднанага штабу не засталося сумесных мерапрыемстваў. Таму яна прыняла рашэньне пабыць з сваімі дзецьмі і беларусамі, якія жывуць ці працуюць у Расеі.

«Гэта гістарычны момант для Беларусі. Я хачу, каб мае дзеці запомнілі яго назаўсёды. Можа яны яшчэ малыя і ня ўсё ўсьведамляюць, але пройдзе час і яго важнасьць стане зразумелай».

Вераніка Цапкала запэўніла, што плянуе вярнуцца ў Беларусь. Пры гэтым расейскім журналістам яна паведаміла, што ў Беларусі працягваецца перасьлед супрацоўнікаў штабоў і давераных асобаў.

«У Лукашэнкі няма ніякіх прынцыпаў, ён проста распраўляецца з усімі, хто яго не падтрымлівае, -- заявіла Вераніка Цапкала. – Таму беларусы гатовыя да пераменаў. Усе хочуць нарэшце прачнуцца ў вольнай і бясьпечнай Беларусі. Мы хочам гадаваць дзяцей дома, мы ня хочам кудысьці зьяжджаць. А нас проста выціскаюць з уласнай краіны».

На пытаньне пра вынікі галасаваньня Вераніка Цапкала сказала, што староньнікі альтэрнатыўных прэтэндэнтаў стварылі шмат плятформай і ініцыятываў, каб мінімізаваць працэнт фальсыфікацый. Аднак яна ня можа казаць, якія на гэта пляны ў Цэнтарвыбаркаму і прэзыдэнцкай адміністрацыі.

18:20 09/08/2020


Загрузка...
Загрузка...