АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

«Майданаў у Беларусі ня будзе». Лукашэнка сказаў кіраўніку КДБ, што «ведае, адкуль на нас дзьмуць вятры»

Аляксандар Лукашэнка 1 чэрвеня прыняў з дакладам старшыню Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валерыя Вакульчыка і загадаў захоўваць пільнасьць у гэты няпросты час, паведамляе БелТА.



«Мы ведаем, адкуль вятры дзьмуць на нашу беларускую зямлю, — выказаўся Аляксандар Лукашэнка. — На жаль, не з таго боку, адкуль хацелася б. Але мы гатовыя да любых вятроў. Тым больш вывучаючы ў свой час гісторыю нашай дзяржавы, савецкую гісторыю.

Адметнай асаблівасьцю сёньняшняга этапу зьяўляецца тое, што ўсё ж мы навучыліся змагацца з гэтымі вятрамі і ўраганамі. Тады мы змагацца ня ўмелі. Таму і ня мелі сувэрэннай і незалежнай дзяржавы».

«Заўсёды нас дзялілі на часткі, далучалі кавалкамі то да адной зямлі, то да другой. Вы ведаеце, што да мінулай вайны мы практычна былі падзеленыя. Таму сёньня гэтага дапусьціць нельга», — дадаў Лукашэнка.

У Менску на мінулых выходных прайшлі масавыя сходы ў многіх гарадах, людзі зьбіраліся ў чэргі, каб падпісацца за апанэнтаў Лукашэнкі, патрабавалі пераменаў.

«Дзяржаўная бяспека — аснова асноваў, — казаў Лукашэнка Вакульчыку. — І Камітэту дзяржаўнай бясьпекі ў гэтым пляне належыць разам з прэзыдэнтам вядучая роля ў абароне незалежнасьці і сувэрэнітэту нашай дзяржавы.

Мы абсалютна ведаем мэты, якія перасьледуюць тут асобныя ветрадзьмухі. Гэтыя мэты нам зразумелыя: зладзіць нам майданчык напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў або ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Так яны плянавалі. Хачу на гэтай сустрэчы вас папярэдзіць і ўсіх, хто нас пачуе, усіх гэтых „майданутых“ хачу папярэдзіць, што майданаў ў Беларусі ня будзе».

12:21 01/06/2020


Загрузка...
Загрузка...