АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Пікет за Ціханоўскую стаў самым масавым у Магілёве з 1994 году

Каманда патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай правяла ў Магілёве пікет па зьбіраньні подпісаў у падтрымку вылучэнкі — самы масавы ад 1994 году, калі ў Беларусі быў уведзены інстытут прэзыдэнцтва.

Пікет яе прыхільнікі разгарнулі насупраць гарвыканкаму.

«Я за чэсныя выбары і каб Лукашэнка зьняў сваю кандыдатуру»
Чатыры чаргі па з ахвочых падпісацца за Ціханоўскую на працягу чатырох гадзін расьцягваліся да 40 мэтраў. У іх стаяла і моладзь, і пажылыя людзі. Некаторыя прыходзілі зь дзецьмі. Усе, з кім даводзілася гутарыць, казалі, што ад вылучэнкі чакаюць такіх пераменаў, «каб людзі самі вырашалі свой лёс і адчувалі, што ад іх нешта залежыць у іхнай краіне».


На пляцоўцы перад гарвыканкамам фонам гучала музыка беларускіх выканаўцаў. Жыўцом сьпяваў бард Анатоль Кудласевіч. Каля столікаў, дзе падпісвалі людзей, грудком ляжалі тапкі, іранічны сымбаль перадвыбарчай кампаніі Ціханоўскай.

Маладая жанчына, выстаяла ў чарзе гадзіну, каб пакінуць подпіс.

«Я за чэсныя выбары і каб Лукашэнка зьняў сваю кандыдатуру, — кажа яна. — Самае галоўнае, каб людзей не прымушалі за некага галасаваць. Я ўжо ведаю, як тое робіцца ў школах і дзіцячых садках. Людзей прымушаюць, нават пад пагрозай звальненьня. І многія аддаюць свой голас. Няўжо так павінна быць?»

«Абрыдлі адны і тыя ж абяцаньні...»

Жанчына пэнсійнага веку кажа, што ад Ціханоўскай чакае перамен, каб «унукам было лягчэй і каб яны маглі зьбірацца не па адным, а хаця б пастаяць і пагутарыць ды іх не пасадзілі за гэта ў турму».

«Мне абрыдлі адны і тыя ж абяцаньні. Хоць ён і кажа, але нічога не выконвае, — абураецца яна. — Напрыклад, пра каранавірус. Я перакананая, што ўлада замоўчвае рэальную сытуацыю. Каб ведаў народ праўду, то больш асьцерагаліся б. І лекарам было б лепей».

«Трэба мяняць нешта ў нашай краіне...»

Для бальшыні тых, хто прыйшоў падпісацца, аўтарытэт не сама Ціханоўская, а яе муж — блогер Сяргей Ціханоўскі. Яму Цэнтральная выбарчая камісія ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы адмовіла, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты.

«А за каго яшчэ? Шмат вылучэнцаў, але з маладых ды вартых увагі толькі ён», — кажа мужчына сярэдняга веку, які прывёў на пляцоўку пад гарвыканкам сваю сям’ю.

«Ён ужо заслужыў павагу за тое, што ўзьняў людзей супраць сыстэмы, — працягвае ён. — Я ад яго чакаю любых зьменаў, каб толькі ня так, як цяпер».

Сяргей Ціханоўскі: «Тое, што зарэгістраваная мая жонка, а ня я, — адзін з доказаў» фальшаваньня выбараў

Самой Сьвятланы Ціханоўскай на пікеце не было. У Магілёў прыехаў яе муж, Сяргей Ціханоўскі.

Ён кажа, што людзі, якія падпісваюцца за ягоную жонку, ведаюць, што яе могуць у любы момант зьняць, сказаўшы, што былі парушэньні.

«Гэта максымальна верагодна. Людзі бачаць, што мы робім, у інтэрнэце. Калі нам скажуць, што мы ня справіліся, то гэта будуць канкрэтныя доказы таго, што выбары фальсыфікуюцца. Мы, уласна кажучы, і ўдзельнічаем у іх, каб паказаць, як яны фальсыфікуюцца. Тое, што зарэгістраваная мая жонка, а ня я, — адзін з доказаў».


10:58 28/05/2020


Загрузка...
Загрузка...