АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Блогер Дзмітрый Цімафееў: у магілёўскім ІЧУ галадоўку трымалі больш людзей

Дзмітрый Цімафееў жыве ў Баранавічах. 9 траўня ён прыехаў у Бабруйск, каб ускласці вянок да танка-помніка на магіле генерала Бахарава, а апынуўся ў турме, дзе правёў 12 сутак.


Блогер Дзмітрый Цімафееў: у магілёўскім ІЧУ галадоўку трымалі больш людзей
З магілёўскага ізалятара часовага ўтрымання Дзмітрый Цімафееў выйшаў у тонкім спартовым гарнітуры і пластыкавых сланцах, што троху шакавала журналістаў, што дзяжурылі пад дзвярыма. Ніякага іншага адзення ў мужчыны не было, а практычна ўсе  яго калегі па няшчасці, што вызваліліся раней, сцвярджалі, што галоўнай праблемай у ІЧУ быў страшны холад.

«Гэта сапраўды было катаваннем», – кажа блогер. Але для яго знаходжанне ў ІЧУ запомнілася зусім іншым. У мужчыны, які хварэе цэлым шэрагам захворванняў, у выніку складанай аперацыі засталася толькі адна нырка. Але для лекараў магілёўскай хуткай дапамогі гэта не было падставай яго шпіталізаваць.
 
Усяго ў часовай турме Дзмітрый Цімафееў перажыў пяць абвастрэнняў. Хуткую дапамогу дзяжурны ІЧУ выклікаў двойчы і абодва разы, успамінае Цімафееў, лекар прама пры прыездзе давала зразумець, што ні пры якіх абставінах яго шпіталізаваць не будзе. 

Пра тое, колькі чалавек затрымана і што адбываецца ў ІЧУ блогер не ведаў, бо сядзеў у камеры адзін. Пра галадоўку пратэсту, якую абвясціў журналіст Алесь Асіпцоў ён даведаўся толькі вызваліўшыся. 

Высветлілася, што Дзмітрый Цімафееў таксама абвясціў афіцыйна галадоўку, як толькі прыбыў з Бабруйска у магілёўскі ІЧУ – ён напісаў адпаведную афіцыйную заяву на імя начальніка спецустановы. Больш за тое, першыя два дні ён трымаў сухую галадоўку, але неўзабаве далі пра сябе ведаць хранічныя захворванні. 

Пасля шасці дзён галадоўкі блогеру прыйшлося яе спыніць, бо, па яго выразу, ён «не быў гатовы да смяротнага зыходу, а такое развіццё падзей было вельмі верагодным». 

Таксама, сцвярджае Дзмітрый Цімафееў, яшчэ ў Бабруйску, да этапавання ў Магілёў, ад прыёму ежы на знак пратэсту адмовіўся і актывіст Сяргей Аднамах (пражывае ў вёсцы ў Бабруйскім раёне), аднак пра яго далейшы лёс яму нічога не вядома. Галадоўнікаў, мяркуе блогер, было яшчэ больш, бо тое, што адбывалася ў Бабруйску, можна назваць толькі «міліцэйскім бязмежжам». 

Аб так званым «антыпараде» у Бабруйску, які рыхтавалі паплечнікі Сяргея Ціханоўскага, ён нават не ведаў. На сваім Youtube-канале, сцвярджае Цімафееў, ён ніколі не заклікаў да ўдзелу ў якіх-небудзь акцыях, а ўсе яго ролікі прысвечаныя праблемам кіроўцаў-дальнабойшчыкаў і дзейнасці транспартнай інспекцыі. 

У Бабруйску ён планаваў сустрэцца са сваімі падпісчыкамі, ускласці вянок да магілы генерала Бахарава, які вызваляў Баранавічы, і адправіцца ў пасёлак Кастрычніцкі, каб пазнаёміцца з блогерам Андрэем Павуком. Аднак байцамі АМАП ён быў літаральна выцягнуты сілком з аўтамабіля і дастаўлены спачатку ў ДАІ, а потым у РАУС.

Суд, на яго думку, прызначыў яму несправядлівае і занадта жорсткае пакаранне за дзеянне, якое ён не здзяйсняў – 12 сутак арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пры гэтым яго аўтамабіль так і застаўся стаяць у Бабруйску, куды блогер накіраваўся адразу ж пасьля вызвалення з ІЧУ. Вядома, што бабруйскія інспектары ДАІ склалі на яго яшчэ два пратаколы – за беспадстаўны гукавы сігнал і лішнія налепкі на кузаве аўтамабіля, які выкарыстоўваецца ў камерцыйных мэтах.

У бліжэйшыя дні Дзмітрый Цімафееў пры падтрымцы праваабаронцаў плануе падаць цэлы шэраг скаргаў у наглядныя органы.

mspring.online
08:33 22/05/2020


Загрузка...
Загрузка...