АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Прэзыдэнт ЗША прыгразіў зусім спыніць фінансаваньне Сусьветнай арганізацыі здароўя і выйсьці зь яе

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Дональд Трамп апублікаваў 19 траўня ў Twitter фота ліста, які ён накіраваў кіраўніку Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Тэдрасу Аданому Гебрэесусу. У лісьце Трамп даў арганізацыі 30 дзён на «асноўныя істотныя зьмены».


Месяц таму Трамп даручыў адміністрацыі прыпыніць унёскі ЗША ў WHO, бо тая не рэагавала на пандэмію каранавірусу — «ня справілася са сваім асноўным абавязкам і павінна несьці адказнасьць». Трамп таксама крытыкаваў WHO, якая стала на бок Кітаю, калі ЗША ўвялі абмежаваньні на авіязносіны з гэтай краінай, і высока ацаніла «адкрытасьць» Кітаю. Паводле Трампа, ЗША спынялі фінансаваньне WHO да аналізу арганізацыі, які меў заняць ад 60 да 90 дзён.

У цяперашнім лісьце Трамп прыгразіў канчаткова спыніць амэрыканскую фінансавую падтрымку WHO, калі яна не зоймецца «значнымі істотнымі паляпшэньнямі» цягам 30 дзён. Трамп таксама заявіў, што ЗША перагледзяць свой удзел у WHO. У лісьце гаворыцца, што адзіны шлях наперад заключаецца ў тым, каб WHO змагла прадэманстраваць незалежнасьць ад Кітаю.

Ліст на чатырох старонках абвінавачвае WHO у ігнараваньні надзейных паведамленьняў пра тое, што новы каранавірус распаўсюджваўся ў кітайскім Ухані ў пачатку сьнежня і ў «груба недакладных альбо падманных» заявах пра каранавірус.

Трамп раней пісаў, што разглядае таксама варыянт, у якім ЗША зноў пачнуць фінансаваць WHO, аднак у памеры ўсяго 10% ад сваіх ранейшых унёскаў. 18 траўня кіроўны орган WHO абавязаўся правесьці незалежную ацэнку таго, як ён кіраваў міжнароднай рэакцыяй на ўспышку.

svaboda.org
08:03 19/05/2020


Загрузка...
Загрузка...