АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

«Кандыдаты пратэсту» Статкевіча паскардзіліся ў Вярхоўны суд на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў

Скаргу падалі 18 траўня. 


Шэраг патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, якім Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў 15 траўня, падалі 18 траўня ў Вярхоўны суд скаргу на рашэньне ЦВК, піша кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Скаргу падалі «кандыдаты пратэсту» — паплечнікі Міколы Статкевіча: Анжаліка Жалезнякова, Вераніка Мішчанка, Аляксандар Грачышнікаў, Вольга Мікалайчык, Вікторыя Хатэнка, Ігар Кляшчук, Валянцін Фралоў і Антаніна Вішнякова. Не падавалі скаргу яшчэ два кандыдаты, якім адмовілі ў рэгістрацыі: зняволены Сяргей Ціханоўскі і «суворы турыст» Віталь Зялкоўскі (ён прыслаў дакумэнты па электроннай пошце, сам у камісію не прыйшоў).

Паводле ЦВК, шэраг зьвестак адносна 38 чалавек з 560 у ініцыятыўных групах не адпавядае рэчаіснасьці, а таксама ў склад ініцыятыўнай групы ўключаныя 47 чалавек, якія ня ведаюць пра існаваньне такой групы або не давалі згоды на ўдзел.

«Кандыдаты пратэсту» лічаць адмову незаконнай, несувымерным захадам. Паводле скаргі, гаворка ідзе пра істотнае абмежаваньне права на ўдзел у выбарах тых 513 чалавек, якіх ня тычыліся прэтэнзіі ЦВК. Абмежаваныя ў правах і патэнцыйныя кандыдаты, якім для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы было б дастаткова 100 чалавек у камандзе.

Агулам заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў падалі 55 патэнцыйных кандыдатаў, адмовы атрымалі ўжо 10 зь іх. Наступныя паседжаньні ЦВК, на якіх разгледзяць рэгістрацыю ініцыятыўных групаў, пройдуць 19 і 20 траўня. Збор подпісаў плянуюць дазволіць ад 21 траўня, кандыдатаў будуць рэгістраваць 5–14 ліпеня.


17:09 18/05/2020


Загрузка...
Загрузка...