АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

«Вярнулася з содняў хворая». Як адбывалі арышт паплечнікі Ціханоўскага і актывісты «Моладзевага блоку»

Беларуская дзяржава цягам двух тыдняў затрымала больш за сто чалавек. 

«Вярнулася з содняў хворая». Як адбывалі арышт паплечнікі Ціханоўскага і актывісты «Моладзевага блоку»
Большасць затрыманых – не «класічная апазіцыя», а звычайныя беларусы, большасць з якіх – прыхільнікі блогера Сяргея Ціханоўскага, які вылучаецца ў прэзідэнты. Содні і штрафы для іх – нешта зусім новае. Нядаўна арыштаваныя падзяліліся з «Белсатам» уражаннямі.

Аляксандр Ільінец з Віцебску атрымаў 5 содняў

Аляксандр Ільінец родам з Віцебску. Ад 2006 года мужчына — сябра партыі БНФ. Ён перыядычна ўдзельнічае ў віцебскіх акцыях, атрымоўваў некалькі штрафаў ці папярэджанняў. Але адміністрацыйны арышт для яго стаўся першым.
Мужчыну затрымалі ў пятніцу 8 траўня: міліцыя патэлефанавала яму і папрасіла прыйсці на размову. Ён прыгадвае, што праз навіны аб затрыманнях па ўсёй краіне, рыхтаваўся да горшага.

«Я ў іх адразу запытаў, ці браць мне з сабою рэчы. Сказалі, каб узяў на ўсялякі выпадак. Я меў з сабою стандартны набор на содні: мыла, зубную шчотку, цёплыя рэчы».

Пасля допыту і складання пратаколу ў РАУС, дзе вялося пра адказнасць за сустрэчу з блогерам Ціханоўскім, мужчыну адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання на ўсе выходныя. Гэта яго абурыла больш за рэшту.

«Мне маглі сказаць, каб я прыйшоў пад распіску, адпусціць і даць тыя ж содні ў панядзелак! Але навошта на ўсе выходныя пакідаць», – злуецца мужчына.

Не далі паведаміць сваякам

Умовы ў ізалятары, кажа, былі жудасныя: першыя тры дні Аляксандр у прамым сэнсе дыхаў мачой, бруднымі шкарпэткамі і папяросамі. Туалет у ізалятары знаходзіцца адразу ў камеры, ён нічым не агароджаны і не адрозніваецца чысцінёю. З-за стрэсу першы час ён не еў і не піў. Увечары пасля 9 траўня Аляксандра перавялі ў адзіночную камеру.

«Я спачатку ўсцешыўся, падумаў, што зараз адпачну. Але міліцыянты ўначы пачалі кожную гадзіну прыводзіць да мяне ў камеру затрыманых п’яных людзей. Не было як спаць…» – распавядае ён.

Затрыманаму не далі магчымасці паведаміць блізкім, дзе ён знаходзіцца. Ён атрымаў толькі адну перадачу – ад знаёмага Алега Баразны, які зараз чакае на ўласны прысуд.

«Ужо 21 стагоддзе, а такія ўмовы! Трэба да людзей значна больш гуманна ставіцца. Ну няхай перапіў крыху чалавек, але чаго ў такія ўмовы заганяць? Не магу зразумець», – абураецца актывіст.

На волю ён выйшаў 13 траўня. Прызнаецца, што яшчэ не можа надыхацца свежым паветрам. Кажа, што пасля вяртання з содняў, змянілася стаўленне людзей.

«Раней у мяне было шмат знаёмых. Пыталі, як я сябе пачуваюся, часта сустракаліся. А пасля содняў – нават не тэлефануюць, не пытаюць, як я. Баяцца, што і на іх падумаюць, што яны актывісты. Уявіце, што будуць думаць іншыя!».

Павел Палейчык з Ліды атрымаў 7 содняў

Павел Палейчык працуе фельчарам хуткай дапамогі ў Лідзе. У красавіку ён наведаў сустрэчу падпісантаў Ціханоўскага ў Лідзе і распавёў на камеру аб праблемах свайго гораду. Прыкладна праз два тыдні пасля сустрэчы, увечары 7 траўня да яго патэлефанавалі з мясцовага РАУС і папрасілі прыйсці на размову.
Як і Аляксандра, Паўла да суда пакінулі на ноч у ізалятары часовага ўтрымання. На допыце пыталі пра блог «Краіна для жыцця» і стаўленні да міліцыянтаў.

Прысуд у 7 содняў арышту стаўся для Паўла шокам. Медык да апошняга спадзяваўся на штраф, каб не адцягвацца ад працы. Асабліва яго дзівіць фармулёўка «удзел у незаконным мітынгу».

«На самой сустрэчы прысутнічалі міліцыянты. Яны ж маглі нас тады папярэдзіць, што гэта незаконны сход!» – заўважыў ён.

Далі вымову і пазбавілі прэміі

Павел пацвярджае, што ўмовы ў ізалятары цяжкія. У яго нават падняўся ціск на трэці дзень тэрміну, і ўзнікла рызыка трапіць у шпіталь. Паводле Паўла, гэта адбылося з-за недахопу свежага паветра.

На ежу ў ізалятары ён таксама наракае. На абед – крыху супу ды катлета з кашай, а штовечар давалі звараную рыбу. Кажа, што ахвота на рыбу ў яго надоўга прапала. Ратавалі перадачы ды лісты са словамі падтрымання.

Калі Павел выйшаў з ізалятара, то прыгадвае, што напачатку разгубіўся. Апроч сям’і яго прыйшлі сустракаць журналісты:

«Увага рэпарцёраў была вельмі нечаканаю, бо хацеў з жонкай спачатку абняцца».

На працы медыка пакуль ніякіх пераменаў. Калі не лічыць, што далі вымову за адсутнасць і пазбавілі прэміі. Кантракт на хуткай у яго да ліпеня, і ён сумняецца, што яго працягнуць. Але хлопец не адчайваецца – хацеў бы застацца ў медыцыне. Калі не – гатовы працаваць таксістам.

«У інтэрнэце шмат пішуць, што я ледзь не герой. Але я сябе такім не адчуваю. Які я герой? Проста сказаў праўду».

Лізавета Пракопчык з Менску адбыла 5 содняў

Для Лізаветы Пракопчык, актывісткі Задзіночання беларускіх студэнтаў і «Моладзевага блоку», гэты арышт быў другім. Раней дзяўчына ўжо адбывала 13 содняў за ўдзел у адным з «дармаедскіх» пратэстаў.

Аднак на гэты раз яе затрымалі за нібыта ўдзел у акцыі з труной. Маладзёны ў масках паўтарылі папулярны ў інтэрнэце Coffin Dance на фоне рэпетыцыі параду.


Яе і іншага актывіста Данілу Лаўрэцкага затрымалі, калі яны позна ўвечары вярталіся з крамы дадому.

«На нас наляцеў АМАП. Яны проста выйшлі з машыны, паставілі нас да сценкі ды загадалі выключыць тэлефоны», – прыгадвае Лізавета.

Пасля допыту ў РАУС Лізу адправілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на ўсе выходныя. Суд быў прызначаны на панядзелак і праходзіў праз відэасувязь:

«Шкада, бо праз кампутар ты не бачыш людзей, якія прыйшлі цябе падтрымаць».

Не давалі спаць уначы

У гэты раз яна кажа, што сядзець было значна складаней. Тады, тры гады таму, разам з Лізай затрымалі шмат моладзевых актывістаў. Гэтым разам у камеры з ёй былі бяздомныя жанчыны.

«Яны дакладна былі на штосьці хворыя, бо кашлялі ўвесь час. Я вярнулася з ЦІПу хворай. Пакуль што маю сімптомы звычайнай прастуды», – распавядае дзяўчына.

Яна прыгадвае, што адміністрацыя вельмі злосна сябе паводзіла ў дачыненні да яе. Не давалі спаць уначы: кожную гадзіну нас будзілі і пыталі: «Хто вы такія? За што сядзім? Які год нараджэння?». Яна чула, як на гэта ж скардзіўся іншы арыштаваны актывіст Пётр Маркелаў.

Начальнік забараніў перадаваць Лізавеце перадачы. Толькі пасля суда матуля здолела перадаць ёй антысептык, маску і крыху ежы. Калі дзяўчына спрабавала напісаць скаргу, то паперу і асадку ёй таксама не выдалі — маўляў, і гэта забаронена.

«Я проста «плявала ў столь» унапрацягу гэтых 5 дзён», – смяецца дзяўчына.

Апроч яе паводле падазрэння ў арганізацыі акцыі з труной арыштавалі на 13 содняў Данілу Лаўрэцкага. Пётр Маркелаў атрымаў 10 содняў за тое, што ляжаў на лаўцы, калі чакаў суда над сваімі сябрамі. Іншых актывістаў затрымалі 9 траўня, але выпусцілі з РАУС ужо ўвечары.

Ксенія Тарасевіч Belsat.eu

18:58 17/05/2020


Загрузка...
Загрузка...