АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Фэльчарка з Гомля ўцякала праз вакно, каб пасьпець падаць дакумэнты на рэгістрацыю ў ЦВК

Алена Давыдава, фэльчарка і грамадзкая актывістка з каманды «кандыдатаў пратэсту» Мікалая Статкевіча, з прыгодамі дабіралася з Гомля да Менску, каб пасьпець падаць дакумэнты на рэгістрацыю ўласнай ініцыятыўнай групы да прэзыдэнцкіх выбараў.

Вечарам 13 траўня яе спрабавалі затрымаць у Гомлі мэдыкі — на той падставе, нібыта ёй тэрмінова трэба здаць аналіз на каранавірус і сысьці ў самаізаляцыю.

Алена Давыдава выскачыла з дому праз вакно і з дапамогай сяброў усё-ткі дабралася да Менску.

Пра падрабязнасьці Свабодзе расказаў Аленін муж Канстанцін.

Алена Давыдава працуе фэльчарам на хуткай дапамозе.

«Наступная зьмена ў Алены ў суботу. Але кіраўніцтва спрабавала перанесьці зьмену менавіта на чацьвер, каб яна не пасьпела падаць дакумэнты ў ЦВК. Алена адмовілася.

Каля 17.00 да яе дому прыехалі мэдыкі ў засьцерагальных касьцюмах і патрабавалі, каб яна здала аналіз на каранавірус — нібыта яна трапіла ў „кантакт“ і яе трэба тэрмінова ізаляваць. Хоць на апошняй зьмене яна не перавозіла нікога з падазрэньнем на інфэкцыю. Алена з дому ня выйшла. Тыя мэдыкі пагражалі выклікаць міліцыю і ўзяць аналіз прымусова. Яна выскачыла праз вакно, прабіралася заднімі дварамі і з дапамогай сяброў усё-ткі трапіла ў Менск», — расказаў муж патэнцыйнай кандыдаткі.

Ён лічыць, што «спэцапэрацыю» арганізавалі дзеля таго, каб Алена Давыдава не пасьпела здаць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы.

Патэнцыйная кандыдатка здолела падаць паперы ў Цэнтральную выбарчую камісію.


22:19 14/05/2020


Загрузка...
Загрузка...