АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

«Мяне заказалі, канкрэтна і сур'ёзна». Сяргей Сацук прасіў апублікаваць гэты тэкст, калі яго затрымаюць

Некалькі месяцаў таму, адчуўшы ціск з боку ўладных людзей, галоўны рэдактар «Ежедневника» Сяргей Сацук пакінуў «Еўрарадыё» тэкст на выпадак свайго затрымання. У ім ён расказвае пра прычыны, па якіх можа быць затрыманы, і пра пагрозы, якія атрымаў у свой адрас ад «ганца» — прадстаўніка бізнесмена са сферы аховы здароўя.

«Мяне заказалі, канкрэтна і сур'ёзна». Сяргей Сацук прасіў апублікаваць гэты тэкст, калі яго затрымаюць
25 сакавіка 2020 года выпадак надышоў: Сяргея затрымалі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Беларусі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Сяргея падазраюць у хабары.

На жаль, абставіны для гэтай публікацыі склаліся. Хоць і не так хутка, як меркаваў Сяргей Сацук. «Еўрарадыё» публікуе пакінуты ім тэкст.

Як у Беларусі заказваюць журналістаў


Мяне заказалі, канкрэтна і сур'ёзна. Пішу пра гэта чыста ў мэтах самаабароны і таму пачну амаль з пачатку.

Пасля публікацыі артыкула «Карупцыя Міністэрства аховы здароўя: як у Беларусі зарабляюць на крыві», у якім расказвалася пра закупку медвырабаў, у 9-13 разоў вышэйшую за рэальную, да мяне прыйшоў «ганец». Спачатку ён абвінаваціў мяне ў публікацыі заказнога артыкула. Потым, супярэчачы сам сабе, пачаў ціснуць на мяне словамі: «Навошта ты ўсё гэта публікуеш?», «Навошта перашкаджаеш людзям працаваць?», «Ты ж з гэтага нічога не маеш, а мог бы жыць добра, а не боўтацца ў абавязках, не тануць у крэдытах», «Колькі ты змагаешся з карупцыяй, гадоў 20? І што, перамог?». Ну і гэтак далей.

Я запярэчыў, што мне дастаткова таго, што ў Беларусі перастануць купляць медыцынскія вырабы па цане, у 10 разоў вышэйшай за рэальную. «Ганец» сказаў, што не перастануць: маўляў, сістэма такая. Таму, калі сыдзе адна, другая, трэцяя кампанія, на іх месца прыйдуць іншыя, якія будуць працаваць дакладна гэтаксама. «Ну, можа быць, будуць прадаваць не ў 10 разоў, а ў 5 разоў даражэй».

«Ужо добра, бюджэт зэканоміць мільёны», — адказаў я.

«А ты з гэтага нешта атрымаеш?» — спытаў «ганец».

«Нічога».

«Можа быць, ты думаеш, што медыцына наша лепшай ад гэтага стане?»

«Не ведаю, — шчыра прызнаўся я. — Спадзяюся, што стане».

«Не стане. Ён проста за гэтыя грошы пабудуе сабе яшчэ адзін палац», — заявіў «ганец», відавочна намякаючы на кіраўніка дзяржавы.

Так працягвалася з паўгадзіны. Зразумеўшы, што мяне не пераканаць, візіцёр перайшоў уласна да таго, для чаго прыйшоў. Ён перадаў мне, што людзі яму канкрэтна сказалі, што цярпенне ў іх скончылася, што ў Беларусі чалавечае жыццё і чалавечая свабода нічога не каштуюць, што ім лягчэй заказаць чалавека, чым купляць білеты на астравы. Тут трэба растлумачыць, што падчас апошняга расследавання я спрабаваў выклікаць на шчырую размову чалавека і ўзяць у яго генеральнае інтэрв'ю, каб захаваць аб'ектыўнасць. Для гэтага я трохі правакацыйна напісаў ёй у Linkedin, што магу перанесці дату публікацыі і даць ёй тыдзень на тое, каб купіць білеты на які-небудзь востраў і жыць там нябедна да канца жыцця. І вось, менавіта пасля гэтага артыкула да мяне прыходзіць «ганец» і перадае словы людзей, якія страцілі цярпенне, што ім прасцей заказаць чалавека, чым купляць білеты. Тым больш, як мне, зноў жа, растлумачылі, у Беларусі я застаўся адзін такі парушальнік спакою.

Усё гранічна ясна. Без якога-небудзь двайнога тлумачэння. Асабліва калі папярэджанне падмацоўваюць словамі: «Падумай пра сваю сям'ю, што з імі будзе…» Я ведаю, што сям'і без мяне труба. Жонка — інвалід з парокам сэрца, з выдаленай шчытападобнай залозай ды яшчэ з анеўрызмай. Дактары яшчэ ў 2011-м не давалі гарантый, што яна дажыве да канца года. Я выдатна разумею, што калі што здарыцца са мной, то яна не перажыве. Тут без варыянтаў. Таму я адклаў у скрыню практычна падрыхтаваны другі матэрыял, у якім расказвалася пра тое, хто з'яўляецца рэальным уладальнікам пасярэдніцкіх англійскай і аўстрыйскай кампаній, якія прадаюць нам медвырабы па цэнах, у 10 разоў вышэйшых за рэальную і ў 4,5 раза вышэйшых, чым купляе Расія, у якой мы пастаянна грошы кленчым. Сям'я важнейшая, вырашыў я і сказаў сабе: «СТОП».

Нейкі час было ціха, але потым махавік беларускай сістэмы закруціўся. Думаю, нагодай стаў мой выступ на «Белсаце» ўсё па той жа тэме — карупцыі ў Мінздароўя.

Я 20 гадоў працую з праваахоўнікамі і добра ведаю, што, калі твае кантакты раптам усе разам знікаюць (не адказваюць на званкі і на лісты), гэта азначае, што цябе ўзялі ў аператыўную распрацоўку.

«Ну ўзялі і ўзялі, мне хаваць няма чаго, хай пасуць», — падумаў я.

Але вось у «СБ» [«Беларусь сегодня». — Рэд.] выйшаў артыкул пра «Ежедневник» і мяне, у якім адкрытым тэкстам гаворыцца, што я за грошы дапамагаю прыбіраць канкурэнтаў. Ніякіх доказаў, як і ніякіх абвяржэнняў матэрыялу нашых расследаванняў, няма. Проста галаслоўнае абвінавачанне ў тым, што я жырую на канкурэнтнай барацьбе бізнесменаў. І далей: «Калі падазрэнні пацвердзяцца…» Пацвердзіць у Беларусі не праблема, вядома ж.

Я выдатна ведаю, што гэта падрыхтоўка інфармацыйнага поля да майго затрымання. Я ведаю, чыя гэта работа. Імя гэтага генерала, які «крышуе» сістэмную карупцыю Мінздароўя, вядомае ўсім, хто круціцца ў гэтым бізнесе. Менавіта ён больш за дзесяць гадоў, спачатку ў Генпракуратуры, а потым у Следчым камітэце, душыў усякія спробы ўлезці ў гэты бізнес з боку праваахоўных органаў. Цяпер вось яму зрабілі заказ на журналістаў.

«Белсат» — з той жа серыі. Камусьці вельмі хочацца, каб суд над былым намеснікам міністра аховы здароўя Ігарам Ласіцкім стаў вярхушкай разборак з карупцыяй у сістэме аховы здароўя. Хоць ёсць людзі больш і ўплывовыя, і недатыкальныя. Але іх чапаць нельга і таму трэба спыніць любыя спробы журналістаў капаць далей.


12:50 26/03/2020


Загрузка...
Загрузка...