АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Ці можна перанесці прэзідэнцкія выбары ў Беларусі з-за каранавіруса

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны прайсці не пазней за 30 жніўня 2020 года.
Паводле Выбарчага кодэксу правесці выбары пазней нельга.


А калі будзе вельмі трэба? Напрыклад, да лістапада зацягнецца пандэмія каранавіруса, і ў яе — нягледзячы на ​​аптымістычныя заявы Аляксандра Лукашэнкі — усё ж зацягне Беларусь?

"У нас дзве падставы для пераносу выбараў: вайна альбо надзвычайнае становішча", — расказала Еўрарадыё старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Каранавірус падступны, і ад яго можна чакаць усякага. Але наўрад ці ён стане прычынай вайны ў нашым рэгіёне. А значыць, на выбары ў Беларусі ён можа паўплываць толькі ў адной сітуацыі: калі з-за яго ў краіне будзе абвешчана надзвычайнае становішча.

Надзвычайнае становішча ўводзіцца ў Беларусі ці ў нейкай яе частцы ўказам прэзідэнта і зацвярджаецца Саветам Рэспублікі. Эпідэмія ў спісе падстаў для надзвычайнага становішча ёсць. Яна павінна быць сур'ёзнай: пацягнуць (або магчы пацягнуць) чалавечыя ахвяры, урон здароўю людзей, значныя матэрыяльныя страты, парушэнне ўмоў жыццядзейнасці насельніцтва, якія патрабуюць правядзення маштабных аварыйна-выратавальных i iншых неадкладных работ.

Паводле закона “Аб надзвычайным становішчы”, выбары і рэферэндумы не праводзяцца на працягу ўсяго тэрміну дзеяння надзвычайнага становішча. Указам прэзідэнта аб увядзенні надзвычайнага становішча можа быць забаронена або абмежавана правядзенне сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый.

Таксама ў Беларусі прадугледжаны тры выпадкі, у якіх выбары прэзідэнта павінны быць праведзеныя датэрмінова. Паводле Канстытуцыі, гэта добраахвотная адстаўка прэзідэнта (артыкул 87), яго няздольнасць па стане здароўя выконваць свае абавязкі (частка 1 артыкула 88) і пазбаўленне пасады ў сувязі з учыненнем дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства (частка 2 артыкула 87).

 Аляксандру Лукашэнку ў гэтым годзе споўніцца 66 гадоў. Людзі гэтага ўзросту ўваходзяць у лік найбольш уразлівых для каранавіруснай інфекцыі. Пакуль што падстаў для правядзення датэрміновых выбараў няма. Але COVID-19 не шкадуе нікога — у ліку тых, хто заразіўся, прэзідэнт Бразіліі, некалькі амерыканскіх кангрэсменаў, міністр аховы здароўя Ірана і іншыя высокія чыноўнікі па ўсім свеце. У выпадку, калі стан здароўя кіраўніка Беларусі пагоршыцца, ёсць законныя падставы для пераносу выбараў на значна больш ранні тэрмін, чым 30 жніўня.

19:00 24/03/2020


Загрузка...
Загрузка...