АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Расія саступіла Беларусі ў нафтавай спрэчцы і прыняла беларускія прапановы

Расія цалкам падтрымала прапановы Беларусі па пастаўках нафты. Пра гэта заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка на дакладзе рабочай групы па пытаннях пастаўкі нафты і загрузкі НПЗ у Беларусі, паведамляе БЕЛТА.


"Я даручаў, каб разгледзелі новыя прапановы Расійскай Федэрацыі па пастаўках вуглевадароднай сыравіны. Яны паступілі ад расейцаў тры дні таму. Я так разумею, расіяне цалкам пайшлі на нашы прапановы па пастаўках нафты?", - спытаў падчас пасяджэння рабочай групы Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка заявіў, што прапановы Расіі былі разгледжаны на пасяджэнні рабочай групы і пацвердзіў, што расіяне прынялі прапановы Беларусі па пастаўках нафты.

З пачатку 2020 году найбуйнейшыя расійскія нафтавыя кампаніі перасталі пастаўляць у Беларусь сваю сыравіну. Расія і Беларусь не змаглі дамовіцца з нагоды прэміі да сусветнай цаны за вылікам экспартных пошлін, якую раней беларускія НПЗ плацілі расійскім пастаўшчыкам. З-за расійскага падатковага манеўру беларускія ўлады лічаць выплату прэміі неабгрунтаванай.

З-за гэтых рознагалоссяў і адсутнасці доўгіх дамоўленасцей пачаліся пошукі альтэрнатыўных пастаўшчыкоў.

Беларусь стала праводзіць палітыку дыверсіфікацыі паставак нафты. "Белнафтахім" пачаў закупляць нафту ў кампаній з Нарвегіі і Азербайджана, пачаліся перамовы з Казахстанам. Таксама з'явіліся дамоўленасці па пастаўках з невялікімі расійскімі нафтавымі кампаніямі, якія згодны працаваць на ўмовах без прэміі.

З-за праваліўшыхся перамоваў паміж Расіяй і краінамі АПЕК + з нагоды аб'ёмаў здабычы нафты, у пачатку сакавіка здарыўся найбуйнейшы абвал цэн на нафту з 1991 года. У панядзелак, 9 сакавіка кошты на нафту знізіліся прыкладна на 30 адсоткаў. Кошт барэля нафты маркі Brent у той дзень звалілася да 32,83 долара — гэта на 12,44 долара ніжэй, чым у канцы мінулага біржавога дня. І пасля кошт нафты працягнуў падаць. На 20 сакавіка кошт барэля нафты маркі Brent — 27,3 долара.

euroradio.fm
12:05 21/03/2020


Загрузка...
Загрузка...