АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Дзе Коля Лукашэнка – у школе ці на каранціне?

Еўрапейскія краіны, аберагаючы сваіх жыхароў ад небяспечнага каронавіруса, закрылі навучальныя ўстановы – садкі, школы і ўніверсітэты. 

Улады ж Беларусі сцвярджаюць, што пагрозы жыццю і здароўю грамадзянаў няма. Але не ўсе вераць уладам: некаторыя на ўласную адказнасць пакідаюць дзяцей удома.

Аляксандр Лукашэнка выступае супраць надзвычайных захадаў, але сам адмяняе сустрэчы ў шырокім коле – напрыклад, Вялікую размову з прэзідэнтам. Кіраўнік краіны не ўводзіць каранціну ў навучальных установах, але ці адпускае на заняткі свайго сына – школьніка Мікалая? Гэта мы паспрабавалі высветліць у Наталлі Бельмач – дырэктаркі школы, вучнем якой лічыцца малодшы Лукашэнка.

– Добры дзень! Ці ў школе цяпер сын кіраўніка краіны, які супраць таго, каб уводзіць каранцін?

– На сёння ў мяне ў школе адсутнічаюць усяго толькі 56 чалавек, мы працуем у штатным рэжыме.

– Ці ходзіць на заняткі сын кіраўніка краіны?

– Я дала вычарпальны каментар.

– Інакш кажучы, можна лічыць, што не ходзіць?

– Тое, што вы лічыце, – гэта вашае права.

У Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школе навучаецца недзе 400 вучняў, значыць, адсутнічае кожны восьмы, але, паводле дырэктаркі, цяпер наведвальнасць школы нават большая, чым звычайна ў гэты час.

Бацькі просяць пакінуць дзяцей удома
Аднак не ва ўсіх школах краіны сітуацыя выглядае гэтак сама. Як распавяла Belsat.eu Марына Хоміч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры адной з менскіх школаў, дзяцей на занятках цяпер вельмі мала.
– Я перакананая, што ўвесці каранцін ва ўсе навучальныя ўстановы неабходна як мага хутчэй. Увогуле, гэта трэба было зрабіць нашмат раней. І справа не толькі ў каронавірусе, цяпер вельмі шмат дзяцей і дарослых хварэе на іншыя вірусы, дзіцячыя паліклінікі перапоўненыя. Жыццё і здароўе дзяцей мусіць быць перадусім! А ў XXI ст. наладзіць адукацыйны працэс у рэжыме онлайн нескладана. Дзяцей у школе цяпер вельмі мала. Для таго, каб яны маглі застацца дома, бацькі масава пішуць заявы на імя дырэктара з просьбай дазволіць дзіцяці адсутнічаць на вучэбных занятках з сямейных абставінаў, што адказнасць за жыццё і здароўе дзіцяці ў гэты час бяруць на сябе і абавязваюцца забяспечыць засваенне дзіцём матэрыялу па вучэбных прадметах за названы перыяд. Тым бацькам, якія хвалююцца за бяспеку дзяцей, канечне, не перашкаджае адсутнасць афіцыйнага каранціну, але цяганіна з гэтымі заявамі выглядае як мінімум дзіўна, – кажа Марына Хоміч.

Калі бацькі прымаюць рашэнне пакінуць дзіця ў хаце то заява да адміністрацыі – гэта не адзіная рэч, якая патрабуе вырашэння.

– Весці дзіця ў школу ці садок – мусіць вырашаць кожная асобная сям’я, зыходзячы са сваіх фінансавых магчымасцяў, наяўнасці сваякоў ці сяброў, якія могуць дапамагчы прыгледзець за дзецьмі. Бо ўсё ж слаба верыцца, што беларуская дзяржава кампенсуе каму-небудзь самаізаляцыю, і шмат хто хацеў бы, ды не можа пакінуць дзіця дома, бо проста трэба зарабляць грошы, – кажа Таццяна Шапуцька, журналістка газеты «Новы Час», маці дваіх дзетак.

Хатнія заданні можна ўзяць у настаўнікаў
Не спыняць сваю працу і разам з тым застацца з дзіцём удома змагла дазволіць сабе Яніна Мельнікава, медыяэкспертка і рэдактарка экалагічнага парталу. Але матывацыяй для самаізаляцыі быў клопат не толькі пра здароўе сваёй сям’і.
– Каранцін варта было ўвесці найменей тыдзень таму. Я разумею, чаму ўлады Беларусі гэтага не робяць, але не магу пагадзіцца з гэтым, таму вырашыла паклапаціцца аб гэтым самастойна. Мая матывацыя досыць простая: я разумею, што дзеці лёгка пераносяць гэты вірус (прынамсі паводле звестак САЗ, якім я схільная давяраць). Але самаізаляцыя – гэта не толькі пра персанальную ахову здароўя, але і пра адказнасць перад іншымі. Каранцін – сродак дапамагчы грамадству спыніць распаўсюд віруса, абмежаванне кантактаў дапаможа не стаць пераносчыкам і не прынесці заразу тым, хто рызыкуе больш, – кажа Яніна Мельнікава.

Бацька двух дзяцей, журналіст-фрылансэр Андрэй Мялешка з Горадні, лічыць, што дзіцяці лепш не перарываць навучальнага працэсу, а да дыстанцыйнага навучання беларускія школы не падрыхтаваныя.

– У нас каранціну няма. У Горадні ў школах толькі сёння адмянілі масавыя спаборніцтвы для школьнікаў. Я параіўся з класнай настаўніцай, з настаўнікам па выхаваўчай працы, але большую частку перамоваў мы вялі з жонкаю і ў выніку вырашылі завесці дачку ў школу. Яна вучыцца ў 1-м класе старой школы, дзе ўсяго 18 дзетак у класе. Дома ж застаецца 2-гадовая дачка, за якую мы вельмі хвалюемся, бо ў яе аслаблены імунітэт, – распавёў Андрэй Мялешка.

Настаўніца, пісьменніца, маці траіх дзяцей Ганна Севярынец таксама прыняла рашэнне пакінуць дзяцей удома, дзе можна самастойна працягнуць навучанне ды ўрэшце заняцца справамі, на якія раней не ставала часу, ды проста больш прыемных хвілінаў правесці ў коле сям’і.

– Буду браць дзецям хатнія заданні ў настаўнікаў, будзем вучыцца дома. На шчасце, дзеці ў мяне па гэтым пытанні самастойныя, ад мяне чакаюць хіба толькі нейкіх парадаў, калі самі не могуць зразумець нечага, ну, і мінімальны кантроль патрэбны для малодшага. Пагляджу на агульную сітуацыю, буду дынамічна на яе рэагаваць, – кажа Ганна Севярынец.

Але пытанне ў тым, ці пачне рэагаваць дзяржава, якая цяпер, у адрозненне ад іншых еўрапейскіх краінаў, фактычна пакінула людзей сам-насам з каронавірусам.


ВС Belsat.eu

16:30 17/03/2020


Загрузка...
Загрузка...