АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Аляксей Янукевіч выходзіць з праймерыз па вызначэнні “адзінага”

Аляксей Янукевіч пакідае праймерыз па вызначэнні адзінага кандыдата ад беларускай апазіцыі. Прычыны — канфлікт паміж прадстаўнікамі правацэнтрысцкай кааліцыі і “чыцерскае галасаванне”, арганізаванае вертыкаллю ўлады падчас сустрэч патэнцыйных кандыдатаў з выбаршчыкамі.

Аляксей Янукевіч выходзіць з праймерыз па вызначэнні “адзінага”
“Тое, што цяпер адбываецца з працэдурай Народнага галасавання, з’яўляецца сумнай і ганебнай праявай безадказнасці ды паразай для ўсіх удзельнікаў працэсу. У гэтай сітуацыі Партыя БНФ заклікае ўсе бакі, усіх удзельнікаў канфлікту да адказнасці, стрыманасці ды разважлівасці. Аднавіць разбуранае адзінства, а не займацца імітацыяй”, — сказана ў заяве Партыі БНФ, распаўсюджанай 17 сакавіка.

З першых паездак па рэгіёнах лідарства ў гонцы захапіў сустаршыня БХД Павел Севярынец. Аднак, калі праймерыз пераехалі ў Брэсцкую вобласць, мясцовыя актывісты заўважылі на сустрэчах сябраў праўладных БРСМ і “Белай Русі”, якія галасавалі за Юрася Губарэвіча з руху “За свабоду”. 

16 сакавіка Павел Севярынец заявіў, што выходзіць з праймерыз. Сваё рашэнне ён растлумачыў тым, што штаб “Народнага галасавання” не пагадзіўся адмяніць сустрэчы з выбаршчыкамі праз пагрозу каранавіруса, а таксама адсутнасцю рэакцыі “на масавае галасаванне райвыканкамаў”.

Партыя БНФ звярнулася да Севярынца і яго каманды з заклікам перагледзець ращэнне аб выхадзе з праймерыз. Таксама партыйцы заклікаюць “даць усім удзельнікам працэсу ды грамадскасці вычарпальныя тлумачэнні адносна таго, якім чынам і праз якія каналы быў арганізаваны ўдзел і галасаванне за Юрыя Губарэвіча падазроных удзельнікаў на сходах Народнага галасавання ў Драгічыне, Пінску і Століне”.

Партыя БНФ гатовая вярнуцца ў працэс “Народнага галасавання”, але пры ўмове, што вернецца Павел Севярынец. Таксама партыйцы заклікалі сябраў АГП і БСДП (Грамада) перакрочыць праз сваё адмоўнае стаўленне ды запрасіць да ўдзелу ў праймерыз Ганну Канапацкую, якую раней знялі з гонкі праз хібы ў подпісах, сабраных за яе вылучэнне

Такім чынам з шасці палітыкаў, якія збіраліся ўдзельнічаць у праймерыз па вызначэнні “адзінага”, у гульні засталіся трое: Юрась Губарэвіч з руху “За Свабоду!”, Мікалай Казлоў з АГП і Вольга Кавалькова з БХД. 

12:26 17/03/2020


Загрузка...
Загрузка...