АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Чыноўнікі прыдумалі, як сарваць апазіцыйныя праймерыз

З першых дзён праймерыз па вызначэнні адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкія выбары-2020 лідарства захапіў Павел Севярынец. Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” прапаноўвае выбаршчыкам радыкальную павестку: не гуляць у выбары па правілах улады і ад самага пачатку кампаніі выходзіць на вуліцы патрабаваць адкрытасці і выканання дэмакратычных стандартаў. А каб патлумачыць свае думкі, часам нават пераходзіць на рускую мову!



Але апошнімі днямі нешта пайшло не так, як ішло раней. У Пінску, Століне і Драгічыне ў праймерыз — тры разы запар! — перамог лідар руху “За Свабоду!” Юрась Губарэвіч, перадае "Еўрарадыё".

“Гэта лагічны вынік, калі на сходы пачынаюць прыходзіць не ангажаваныя ў дзейнасць партыйных структур людзі, — каментуе “Нашай Ніве” сваю перамогу ў Пінску Юрась Губарэвіч. — Папулістычныя лозунгі не знаходзяць падтрымкі ў шырэйшай аўдыторыі”.

Што ж гэта за шырэйшая аўдыторыя, якая завітала на праймерыз?

“Нешта незвычайнае адбываецца на выбарах адзінага кандыдата ад апазіцыі — у розных гарадах на сустрэчы з апазіцыянерамі прыходзяць журналісты дзяржаўных СМІ, чыноўнікі, і нават галасуюць! Вось і ў Драгічыне сярод тых, хто галасуе, быў галоўны рэдактар іванаўскай раёнкі Ігар Гетман. У зале былі журналістка драгічынскай раёнкі Галіна Шафран, чыноўнікі, — распавядае пра праймерыз у Драгічыне сайт “Першы рэгіён”. — Сапраўдны разгул дэмакратыі атрымаўся — чыноўнікі галасавалі за апазыцыянэраў”.

Тут трэба заўважыць, што не за апазіцыянераў на гэтых праймерыз прагаласаваць немагчыма, бо ў іх удзельнічаюць якраз пяцёра апазіцыйных палітыкаў. Праймерыз у Драгічыне выйграе Юрась Губарэвіч.

Павел Севярынец пачынае хвалявацца:

“У Століне на праймерыз масавая яўка з аддзела адукацыі, БРСМ, ідэалогіі. Галасуюць”, — піша ён 15 сакавіка ў “Фэйсбуку”.

Галасуюць за Юрася Губарэвіча. Ён перамагае Севярынца з лікам 31:17. Яшчэ пяцёра — за Мікалая Казлова. Адзін голас — за Вольгу Кавалькову.

“Заўтра будзем разам вырашаць, ці прыпыняць праймерыз з-за каранавіруса, і што рабіць з масавым удзелам райвыканкамаў, — у той жа дзень заяўляе Севярынец. — Сення ўбачылі, што чэл з аддзелу адукацыі не хаваўся і паказваў пальцам на бюлетэнях галасаваць за Губарэвіча. Думаю, Юрась пра гэта не ведаў, але факт”.

“А калі яны сапраўды падтрымліваюць Губарэвіча? Што тады?” — пытаюцца ў Севярынца ў адказ.

Высвятляецца, што ў правілах правядзення праймерыз няма забароны на ўдзел чыноўнікаў і сябраў БРСМ. Ды і было б дзіўна, калі б у правілах правядзення дэмакратычных праймерыз утрымлівалася такая забарона.

Падобна да таго, што дзяржаўныя ідэолагі знайшлі лёгкі і законны спосаб уплываць на вынік апазіцыйных праймерыз ва ўмовах, калі на сустрэчы з прэтэндэнтамі прыходзяць па 20-30 чалавек. Дастаткова прывесці яшчэ 20-30 чалавек, і вынікі галасавання робяцца абсалютна іншымі.

Ці ўжываецца пры мабілізацыі адміністрацыйны рэсурс? Магчыма. Але гэта не прынцыпова. Апазіцыйныя палітыкі таксама мабілізуюць сваіх прыхільнікаў прыходзіць на праймерыз з дапамогай таго рэсурсу, які ў іх ёсць.

З іншага боку, відавочныя наўмысныя дзеянні нейкай “трэцяй сілы”, якія маюць за мэту паўплываць на вынікі галасавання. У гэтай сітуацыі перад арганізатарамі праймерыз стаіць няпростая задача: як мінімізаваць гэты ўплыў і захаваць “чысціню” галасавання, і, у той жа час, не парушыць дэмакратычныя стандарты?

08:45 16/03/2020


Загрузка...
Загрузка...