АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Канапацкая асудзіла праймерыз за заклікі да Плошчы: яны супярэчаць дзейнаму заканадаўству

Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, якой адмовілі ва ўдзеле ў праймерыз для вылучэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад аб’яднанай апазіцыі, распавяла ў «Facebook» пра тое, у чым яна нязгодная з арганізатарамі перадвыбараў.


Канапацкая асудзіла праймерыз за заклікі да Плошчы: яны супярэчаць дзейнаму заканадаўству
«Не магу і не хачу безадказна заклікаць да таго, што супярэчыць дзейнаму заканадаўству. Можна быць да бясконцасці лібералам і дэмакратам, але законы павінны выконвацца!» – заявіла яна.

Менавіта таму, падкрэсліла палітык, яна не можа «заклікаць да байкатавання выбараў, сілавога адхілення ад выканання абавязкаў службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, незаконных масавых падзеяў, стварэнняў перашкодаў волевыяўлення грамадзянаў».

З гэтай прычыны, паводле яе, разышліся яе шляхі з арганізатарамі праймерыз.
«Нацэльваючы на паўтор Плошчы 2010-га года арганізатары і натхняльнікі праймерыз не разумеюць, што рэалізуюць чужы сцэнар, адначасова ўбіваючы клін паміж намі і еўрапейскай супольнасцю. Плошча, як спосаб еўраізаляцыі краіны, – верх двудушнасці і здрада яе інтарэсаў», – падкрэсліла яна.

Палітык таксама выклала фота дакументаў, якія паказваюць, што яна яшчэ 22 лютага абвясціла пра свой мараторый на ўдзел у праймерыз, а таксама папярэдзіла «пра магчымыя наступствы яго арганізатараў і ўдзельнікаў». На падставе публікацыі, можна меркаваць, што яна пагражала артыкулам 193 КК – «арганізацыя або кіраванне грамадскім аб’яднаннем, рэлігійнай арганізацыяй, якая замахваецца на асобу, правы ды абавязкі грамадзянаў».

4 сакавіка стала вядома, што кандыдатамі для ўдзелу ў праймерыз зацверджаныя сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец і Вольга Кавалькова, старшыні «Руху за свабоду» Юрась Губарэвіч, Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў і намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая не была зацверджаная кандыдатам для ўдзелу ў праймерыз.

Аляксей Сігаеў з БСДП(Г), які выконвае абавязкі каардынатара штабу адзінага кандыдата, паведаміў, што пры галасаванні паводле кандыдатуры Ганны Канапацкай не было дасягнута кансэнсусу.

«На жаль, дзейнасць Ганны Канапацкай не была накіраваная на ўмацаванне даверу. Тут можна ўзгадаць яе публічныя заявы, а таксама пагрозы, якія яна дасылала ў штаб адзінага кандыдата», – падкрэсліў Аляксей Сігаеў.

Не падтрымалі кандыдатуру Ганны Канапацкай прадстаўнікі АГП і БСДП(Г).


МГ belsat.eu
21:02 05/03/2020


Загрузка...
Загрузка...