АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Прыхільніца «рускага міру» Мірсалімава мяркуе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах

Арганізатарка «Несьмяротнага палку» ў Віцебску і лютая прыхільніца «паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі» Эльвіра Мірсалімава выказала гатоўнасьць удзельнічаць у сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. Пра гэта яна заявіла ў інтэрвію «Беларускаму палітрынгу».

Прыхільніца «рускага міру» Мірсалімава мяркуе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах
«Гэтае пытаньне вырашыцца на зьезьдзе Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці. Усе афіцыйныя заявы прагучаць пасьля прыняцьця рашэньня зьезду», – сказала аб ўдзеле ў прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году Эльвіра Мірсалімава.

На пытаньне, ці яна сапраўды гатовая да такога кроку, Мірсалімава запэўніла: «Безумоўна. Згодна зь ленінскім азначэньнем, партыя ствараецца дзеля таго, каб зрабіцца ўладаю».

Калі раптам будзе выбраная кандыдаткай, абяцае адстойваць «інтарэсы пераважнай большасьці беларускіх грамадзян».

«Нас, беларускіх грамадзянаў, усяго толькі 9 мільёнаў чалавек – разьвязаць практычна ўсе жыльлёвыя, камунальныя і сацыяльныя праблемы можна адным махам, цягам пяці гадоў. Дзіўна, што дагэтуль гэтага ня зроблена», – кажа Мірсалімава.

«Таксама неабходна спыніць разгул нацыяналізму і лацінізацыю, моўныя звады і дэрусіфікацыю, узяць на жорсткі кантроль дзейнасьць НКА з заходнім фінансаваньнем», – дадала Эльвіра Мірсалімава.

Пра тое, як Эльвіра Мірсалімава адстойвае «сямейныя каштоўнасьці», падрабязна расказвала Беларускае Радыё Рацыя.

Эльвіра Мірсалімава зьяўляецца намесьнікам старшыні па моладзевай палітыцы РППС. Гэтая левая прарасейская партыя выступіла ў свой час за прызнаньне Крыму тэрыторыяй РФ, а ў 2015-м падтрымала на выбарах кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі. У Палату прадстаўнікоў НС РБ, па выніках леташніх выбараў, ад РППС «прайшлі» шэсьць кандыдатаў. Мірсалімава таксама была кандыдаткай, але на сваім участку ў Віцебску набрала ўсяго 15 галасоў.

08:12 25/02/2020


Загрузка...
Загрузка...