АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Сяргей Калякін: Адзінага кандыдата ад апазіцыі не будзе

Лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін распавядае пра тое, ці патрэбна беларускай апазіцыі яднацца падчас прэзідэнцкіх выбараў.

Старшыня Магілеўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў, кіраўнік гарадcкой суполкі БНФ Мікалай Фяськоў, каардынатар руху «За свабоду» па Магілёўскай вобласці Пётр Мігурскі і старшыня абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Дзмітрый Люнтов днямі падпісалі адкрыты ліст да магчымых кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Мясцовыя палітыкі прапанавалі вылучэнцам правесці 1 лютага сустрэчу з дэмакратычнай грамадскасцю ў Магілёве. Падпісанты хочуць падчас мерапрыемства выпрацаваць механізм вылучэння адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. 

Сяргей Калякін: У сёняшніх умовах, калі падчас выбараў адсутнічаюць правілы гульні, калі чалавек усё роўна не атрымае рэальныя лічбы тых, хто за яго прагаласаваў, то ўсе гульні ў адзінага кандыдата будуць правальнымі. Я не веру ў поспех нейкіх перамоваў з нагоды абрання адзінага, бо яны бессэнсоўныя. 

- У такім выпадку, калі падчас выбараў, як вы кажаце, адсутнічаюць правілы гульні, які сэнс наогул прымаць у іх удзел? 

- Не так бессэнсоўна, як пры наяўнасці адзінага кандыдата. Справа ў тым, што беларускае грамадства не ўяўляе сабой маналітны дэмакратычны асяродак. У розных людзей розныя інтарэсы і розныя палітычныя погляды. Калі б у гэтым плане было адзінства, то ў краіне даўно была б ужо адзіная дэмакратычная партыя. Але розныя партыі таму і існуюць, што ў грамадстве ёсць розныя палітычныя погляды, сацыяльна-палітычныя перавагі і гэтак далей. Партыі павінны адлюстроўваць погляды сваіх прыхільнікаў і працаваць непасрэдна са сваім палітычным электаратам. А калі ўсе аб’ядноўваюцца ў нешта адзінае і незразумелае, то яны адлюстроўваюць нічые інтарэсы. Атрымліваецца нейкі сярэдні інтарэс, які пры гэтым частку людзей нават адштурхоўвае ад сябе. Увогуле, адзіны кандыдат магчымы тады, калі наспела сітуацыя ў краіне, калі грамадства не хоча цярпець тое становішча, што ёсць. Пакуль такой сітуацыі я не назіраю, а значыцца і адзінага кандыдата падчас гэтых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі не будзе. 

- Вы будзеце на гэтых выбарах вылучаць сваю кандыдатуру? 

- Пакуль не збіраюся, але, як кажуць, ніколі не кажы ніколі. Адно магу сказаць дакладна – наша партыя нейкім чынам абавязкова прыме ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі.

12:50 22/01/2020


Загрузка...
Загрузка...