АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

10 асноўных высноваў праваабаронцаў “Вясны” па выніках 2019-га

Праваабаронцы “Вясны” прыйшлі да высновы, што сітуацыя ў Беларусі ў галіне правоў чалавека ў мінулым годзе застаецца стабільна кепскай. 

10 асноўных высноваў праваабаронцаў “Вясны” па выніках 2019-га
Праваабаронцы “Вясны” падрыхтавалі аналітычны агляд па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў 2019 годзе. Якія высновы яны зрабілі? Падрыхтавалі падборку з дзесяці асноўных высноваў праваабаронцаў за мінулы год у галіне правоў чалавека.

1. У 2019 годзе ўлады Беларусі не адмовіліся ад палітычна матываваных рэпрэсій і працягвалі іх прымяненне ў дачыненні да грамадзян краіны ў розных формах і праявах: крымінальны і адміністрацыйны пераслед і іншыя формы ціску ў сувязі з іх актыўнай палітычнай апазіцыйнай ці грамадскай дзейнасцю.

Па дадзеных “Вясны”, на працягу года палітычна матываваны крымінальны пераслед ажыццяўляўся ў дачыненні да сямі чалавек:

галоўнай рэдактаркі TUT.BY Марыны Золатавай,
блогераў Сяргея Пятрухіна, Аляксандра Кабанава, Андрэя Павука,
берасцейскіх экалагічных актывістаў Майсея і Дзяніса Мазько,
актывіста анархісцкага руху Дзмітрыя Паліенкі.
Гэта менш, чым у папярэднім 2018 годзе (18 чалавек), значна менш, чым у 2017 (40 чалавек), і столькі ж, як ў 2016 г. Трое з іх (Золатава, Пятрухін і Паліенка) былі асуджаныя судамі да пакаранняў, не звязаных з пазбаўленнем волі. Узбуджаныя крымінальныя справы ў дачыненні да астатніх былі спыненыя органамі следства ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства ў дзеяннях падазраваных і абвінавачаных. Такім чынам, у 2019 годзе ў Беларусі не з’явілася новых палітвязняў.

2. Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання, якія прайшлі 17 лістапада 2019 г., не былі прызнаныя свабоднымі і дэмакратычнымі як незалежнымі нацыянальнымі назіральнікамі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, так і міжнароднай місіяй назірання за выбарамі БДІПЧ АБСЕ. Яны не адпавядалі шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама выбарчаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь.
3. Правядзенне выбараў у цэлым не прывяло да значнага росту рэпрэсій у краіне непасрэдна ў перыяд электаральнай кампаніі. Аднак колькасць выпадкаў прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у мірных сходах у перыяд правядзення выбараў павялічылася пасля завяршэння выбараў. Праваабаронцы такім чынам адзначылі рост рэпрэсій у пост-выбарчы перыяд.

4. Бягучая сітуацыя і згода ўрада Беларусі на ўдзел у абмеркаванні парадку дня «паглыбленай інтэграцыі» ўяўляе патэнцыйную і рэальную пагрозу для суверэнітэту краіны. Гэта пацягнула актывізацыю беларускага грамадства ў правядзенні мірных акцый пратэсту ў падтрымку незалежнасці Беларусі і супраць падпісання інтэграцыйных пагадненняў з Расіяй. Гэта выклікала павелічэнне адміністрацыйнага пераследу ўдзельнікаў гэтых мірных сходаў. Характэрна, у той жа час працяг урадам Беларусі палітыкі дыялогу і нармалізацыі адносін з Еўрапейскім Саюзам і ЗША змушаў улады краіны ўстрымлівацца ад прымянення жорсткіх формаў рэпрэсій у дачыненні да палітычнай апазіцыі і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці цягам мінулага году.
5. У 2019 годзе працягвалася прымяненне смяротнага пакарання, нягледзячы на працяг дыялогу дзяржавы з ЕС і ПАСЕ па гэтай праблеме. У мінулым годзе былі вынесеныя тры новыя смяротныя прысуды, а тры ранейшыя прысуды былі прыведзеныя ў выкананне.

Таксама праваабаронцы акцэнтуюць увагу, што ў дзяржаўных СМІ адсутнічае якая-небудзь грамадская дыскусія на тэму прымянення ў краіне смяротнага пакарання. Толькі праваабаронцы спрабуюць уплываць на грамадскую думку па пытанні адмены смяротнага пакарання. “Вясна” ў рамках ініцыятывы “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” працягвае правядзенне кампаніі па адмене гэтага віду пакарання ў краіне.

6. У мінулым годзе назіралася адвольнае і паўсюднае абмежаванне свабоды мірных сходаў і выказвання думкі. У 2019 годзе за ажыццяўленне права на мірныя сходы, свабоду меркаванняў і іх выказванне на вулічных акцыях падвергнуты адміністрацыйным спагнаннях не менш за 151 чалавек, зафіксавана не менш за 234 выпадкі рэпрэсій.
Мірныя сходы грамадзян, якія праходзілі ў перыяд выбараў і пасля іх заканчэння, у большасці выпадкаў не спыняліся органамі правапарадку, а іх ўдзельнікі не затрымліваліся падчас правядзення сходаў і непасрэдна пасля іх завяршэння. Тым не менш, у 2019 годзе ўлады актыўна ўжывалі адміністрацыйныя спагнанні ў дачыненні да 4 ўдзельнікаў сходаў, у тым ліку і арышты.

7. Таксама на працягу года былі зафіксаваныя шматлікія выпадкі пераследу блогераў і журналістаў незалежных СМІ ў сувязі з ажыццяўленнем імі прафесійнай дзейнасці. Па дадзеных “Вясны”, за 2019 год зафіксаваныя 45 фактаў адвольнага прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці 20 журналістаў і блогераў па ч. 2 арт. 22.9 КаАП. Пераследу з боку ўладаў гэтак жа падвяргаліся незалежныя блогеры і журналісты-фрылансеры, якія ажыццяўляюць супрацоўніцтва з замежнымі СМІ, у першую чаргу з польскім тэлеканалам Белсат.
8. У 2019 годзе істотна не змянілася становішча з правамі на асабістую недатыкальнасць, свабоду ад катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання.

Праваабаронцы “Вясны” ў рамках праекта #БезПраваНаРасправу сабралі сведчанні аб рознага роду праявах жорсткасці з боку прадстаўнікоў улады.

9. Цягам мінулага года не адбылося істотных зменаў у сферы свабоды асацыяцыяў. У ліпені 2019 года перастаў дзейнічаць арт. 193-1 Крымінальнага кодэкса (незаконныя арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, альбо ўдзел у іх дзейнасці). У той жа час, уступіў у сілу арт. 23.88 КаАП, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу за ажыццяўленне дзейнасці ад імя незарэгістраваных арганізацый. Пакуль не было зафіксавана выпадкаў яго прымянення, аднак гэта не адмяняе небяспекі яго патэнцыйнага прымянення ў дачыненні да прадстаўнікоў незарэгістраваных арганізацый у будучыні.


10. У Беларусі цягам году былі зафіксаваныя некалькі выпадкаў дыскрымінацыі ўразлівых груп насельніцтва, а менавіта, ромскага насельніцтва і ЛГБТК+. Гэта звязана, у тым ліку з тым, што ў краіне адсутнічаюць рэальныя прававыя механізмы абароны ахвяраў дыскрымінацыі, не робяцца дзейсныя захады па абароне ўразлівых груп насельніцтва. Праваабаронцы занепакоеныя тым, што да гэтага часу адсутнічае адзіны рамачны закон аб недапушчэнні дыскрымінацыі. На адсутнасць комплекснага антыдыскрымінацыйнага заканадаўства неаднаразова звярталі ўвагу ўладаў краіны як беларускія праваабарончыя арганізацыі, так і міжнародныя арганізацыі, Камітэт па правах чалавека ААН, у прыватнасці.



09:47 17/01/2020


Загрузка...
Загрузка...