АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

У Крамлі аспрэчылі словы Лукашэнкі пра розныя пазыцыі Пуціна і Мядзьведзева па інтэграцыі

У Крамлі ня згодныя з выказваньнем кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб адрозьненьні ў пазыцыях прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева ў дачыненьні да працэсу паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі, паведамляе «Коммерсант».

Так прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў пракамэнтаваў выказваньне Лукашэнкі у інтэрвію галоўнаму рэдактару радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксею Венядзіктаву, якое выйшла 24 сьнежня.

«Не, тут мы ня можам пагадзіцца з Аляксандрам Рыгоравічам, мы ня лічым, што ёсьць нейкая рознасьць у заявах прэзыдэнта і старшыні ўраду», — сказаў Дзьмітры Пяскоў журналістам.
Раней Лукашэнка выказаў думку, што Мядзьведзеў, выказваючыся адносна 31-й «дарожнай карты» аб стварэньні наднацыянальных органаў улады, быў ня ў курсе пазыцыі Пуціна па ёй. «Мы наагул выключылі размову на гэтую тэму яшчэ ў Сочы. Але камусьці хочацца. І ўсё падсоўваюць, асабліва праз урад», — сказаў Лукашэнка.

Акрамя таго, Пяскоў пракамэнтаваў словы Лукашэнкі аб тым, што Менск і Масква знаходзяцца цяпер «на этапе раздарожжа».

«Застаюцца няўзгодненыя пытаньні, што, аднак, напэўна, ня сьведчыць пра тое, што мы знаходзімся ў нейкай там крызіснай сытуацыі», — сказаў Пяскоў.
Менск вольны шукаць любыя варыянты паставак нафты, больш выгодныя за прапановы Расеі
Таксама ў Крамлі пракамэнтавалі словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што дзеяньні Расеі ў газавых і нафтавых пытаньнях вымушаюць Менск знаходзіцца ў пошуку альтэрнатывы. 24 сьнежня Лукашэнка заявіў, што Менск можа рэвэрсам пампаваць амэрыканскую або арабскую нафту ў Беларусь праз Польшчу.

«Калі існуюць нейкія больш выгадныя варыянты для Беларусі, вядома, яна вольная скарыстацца любымі варыянтамі, калі яны больш выгадныя, чым тое, што прапануецца з боку Расейскай Фэдэрацыі», — цытуе прэс-сакратара Пуціна агенцтва ТАСС.

Пяскоў дадаў, што Масква «з дастатковай сур’ёзнасьцю ўспрымае любую заяву кіраўніка Беларусі», але «пры цяперашнім узроўні інтэграцыі дзьвюх краін гаворка ідзе аб камэрцыйных пытаньнях».

«Безумоўна, пры цяперашнім узроўні нашай інтэграцыі нельга казаць пра роўныя ўмовы для расейскіх і беларускіх спажыўцоў па ўсіх парамэтрах, цяперашні ўзровень інтэграцыі гэтага не прадугледжвае», — заявіў ён, але дадаў, што «пасьля таго, як інтэграцыйныя працэсы пойдуць далей, ужо магчымая імплемэнтацыя нейкіх іншых, больш прасунутых рэжымаў».

пераклад svaboda.org
16:53 25/12/2019


Загрузка...
Загрузка...