Эксперт: Уладзіміра Макея могуць зрабіць ахвярным казлом
Ад спрэчкі Вільні з Менскам у справе БелАЭС залежыць кошт візаў для беларусаў, бо пагадненне аб прыярытэтах партнёрства Еўразвяз і Беларусь падпішуць, толькі калі дасягнуць дамоўленасці наконт электрастанцыі. Еўракамісар у справах палітыкі суседства Ёганэс Ган, які неўзабаве пакідае свой пост, зрабіў гучную заяву на гэты конт. Словы еўракамісара азначаюць, што канфлікт Вільні і Менску вакол БелАЭС выйшаў на еўрапейскі ўзровень. Сітуацыю тэлеканалу "Белсат" каментуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Фото: Mikhail Metzel / TASS
Што азначае заява еўракамісара Гана для нас, беларусаў?
Калі ясна адказаць, то гэта азначае, што праблема Астраўца не ёсць праблемай двухбаковых дачыненняў. Гэта ўжо пытанне агульнаеўрапейскага ўзроўню – калі агучана, што ад гэтага залежаць стасункі з Бруселем. Што гэта яшчэ азначае? На гэтым прыкладзе зразумела, што ў Еўрапейскім Звязе, хто б што ні казаў, ад памеру краіны не залежыць яе палітычная вага. Літва – невялікая краіна, але мае роўны голас з іншымі чальцамі Еўрапейскага Звязу.
І гэтая праблема, якую падняла Вільня, якую паступова мэтанакіравана праводзіць Міністэрства замежных справаў Літвы, сведчыць, што дасягнуты агульнаеўрапейскі ўзровень. Безумоўна, для Менску гэта сенсацыя.
Якой у сувязі з гэтым можа быць рэакцыя Менску? Мы ведаем, што праз два тыдні мае адбыцца перапахаванне Кастуся Каліноўскага ды іншых паўстанцаў у Вільні. То бок гэта заява еўракамісара Гана можа яшчэ абвастрыць нашыя дачыненні?
Я б так не ставіў пытання – хоць адказваць за паводзіны афіцыйнага Менску вельмі цяжка, калі магчыма наогул. Я б дазволіў сабе выказаць іншую версію. Мы бачым, што сёння ўсё ж праглядаецца напружанасць у кіроўных колах Менску. Гэта звязана і з чаканнямі ў дачыненні Крамля, вось гэтага пагаднення, якое нібыта падпішуць 8 снежня. А яшчэ больш такое напружанне ўносяць і супярэчлівыя чуткі пра ўжо тыднёвую адсутнасць кіраўніка дзяржавы.
Таму я выказваю такую версію, што Макея, якога ў Маскве лічаць празаходнім беларускім нацыяналістам, могуць зрабіць ахвярным казлом і абвінаваціць у правале тэрмінаў падпісання дакументу аб партнёрскіх дачыненнях.
Мы кажам пра гэты дакумент, над якім працуюць Брусель і Менск, у ім прыярытэты партнёрства. Што гэта за дакумент, і наколькі ён сапраўды важны для нас? Бо мы ведаем, што дагэтуль дачыненні Беларусі і аб’яднанай Еўропы рэгулююць дакументы яшчэ з 80-х гадоў мінулага стагоддзя. То бок, мы самыя апошнія, хто не падпісаў новых дакументаў.
Так, папросту кажучы, ад гэтага дакументу залежыць кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў. Мы аказаліся самыя багатыя – нават багацейшыя за Расею. Я так з іроніяй кажу: у Беларусі да гэтага часу плацяць 60 еўраў, у адрозненне ад бедных расейцаў, якія плацяць 35. Ім гэта дазваляе існаванне гэтага дакументу, Расеяй ён падпісаны. Перспектыва ўвогуле змрочная: хутчэй за ўсё, з лютага беларусы будуць плаціць 80 еўраў.
То бок фактычна Астравец пэўным чынам звязаны нават з коштамі візаў, які мы мусім аплачваць, прыходзячы ў еўрапейскія амбасады. Ці ёсць магчымасць у Беларусі і Літвы дамовіцца, злагодзіць пытанне Астравецкай АЭС? Бо сам еўракамісар Ган сказаў, што мусіць быць дамоўленасць. Але калі яе не будзе – ці ёсць пэўная плашчыня, у якой мы можам дамовіцца?
Вы ведаеце, з новым прэзідэнтам Літвы звязвалі надзеі, што змякчацца і нармалізуюцца дачыненні, звязаныя з Астраўцом, які ўносіць прыкметны негатыў у двухбаковыя дачыненні. Не відаць, каб новы прэзідэнт Літвы Наўседа неяк па-іншаму сябе паводзіў. Можа, і не жорстка выказваецца, але пазіцыя Вільні нязменная, як і пазіцыя Менску. Што на выхадзе будзе – немагчыма прадказаць. Я думаю, што гэта будзе звязана з нейкімі зменамі, не скажу большага, у дачыненнях Менску і Масквы. Я нагадаю, што Астравец будуецца за расейскія грошы і расейскімі будаўнікамі.
Якія адбудуцца змены між Беларуссю і Расеяй, мы найхутчэй даведаемся на пачатку снежня.
13:41 10/11/2019
Загрузка...
Загрузка...