АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Прэс-сакратарка Лукашэнкі расказала, ці сустрэнецца ён з Насьцяй Рыбкай

2 лістапада партал Tut.by і дзяржаўны тэлеканал АНТ апублікавалі інтэрвію з Анастасіяй Вашукевіч, больш вядомай як Насьця Рыбка. Акрамя іншага, яна расказала журналістам, што мае намер асабіста падзякаваць кіраўніку Беларусі за дапамогу ў яе вызваленьні з-пад варты.



«Мяне выпусьцілі праз [умяшаньне] Беларусі, — сказала Вашукевіч у размове з Tut.by. — Я яшчэ падзякую (Лукашэнку. — РС). Спэцыяльна запісалася на аўдыенцыю празь месяц. Там досыць строгая чарга».

Свабода зьвярнулася па камэнтар да прэс-сакратара Аляксандра Лукашэнкі Натальлі Эйсмант. Паводле яе, пра асабістую сустрэчу Вашукевіч і кіраўніка краіны гаворкі не ідзе, аднак яна можа адбыцца, гэтаксама як і сустрэча зь любым іншым грамадзянінам краіны.

«Пакуль у плянах такой сустрэчы няма, — напісала Свабодзе Эйсмант. — Але калі будзе адпаведны зварот — будзем разглядаць. Нароўні з усімі іншымі падобнымі просьбамі аб арганізацыі сустрэчы. Ніякай антыпатыі ў прэзыдэнта да грамадзянкі Беларусі Анастасіі Вашукевіч няма».


***

17 студзеня 2019 году Вашукевіч разам яшчэ зь дзьвюма асобамі арыштавалі ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьева ў межах расьсьледаваньня справы аб уцягваньні ў прастытуцыю. 22 студзеня Аляксандар Лукашэнка загадаў заняцца вызваленьнем Насьці Рыбкі — і ў той жа дзень грамадзянка Беларусі была вызваленая з-пад варты. Шэраг СМІ пры гэтым паведамілі, што вызваленьне стала магчымым дзякуючы асабістаму ўмяшаньню Лукашэнкі.

21:25 04/11/2019


Загрузка...
Загрузка...