АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

«Каб змагацца з несправядлівасцю». Каратыст ідзе ў дэпутаты

Сяргей Тышкавец займаецца каратэ адзінаццаць гадоў. Шэсць з якіх ён вучыць каратэ моладзь. Жаданне актыўна дзеяць і абараняць слабых прывяло яго ў выбарчую гонку, паведамляе "Белсат".


«Каратэ дапаможа мне тым, што, першае, яно прывівае якасць працы над сабой. Другое – гэта вось змагацца з несправядлівасцю, гэта дапамога бліжняму, у дадзеным выпадку ў працы дэпутата гэта дапамога як мінімум акрузе, гэта 60 тысяч чалавек», – кажа Сяргей Тышкавец.

Сяргей – адзін з нямногіх незалежных кандыдатаў, хто вылучаўся шляхам збору подпісаў. На жаль, на адкрытае трэнаванне па каратэ і сустрэчу з ім як кандыдатам прыйшлі толькі ягоныя вучні. Бацькі вучняў так апісалі сваё стаўленне да выбарчай гонкі:

«Ён заўсёды праводзіць нейкія розныя мерапрыемствы, святы. Я б хацеў, каб такіх людзей было як мага больш».

«Я ўпершыню сёння тут пра гэта пачуў, але калі я пайду раптам на выбары, то я двойчы падумаю, за каго буду галасаваць».

«У цяперашняй варунках у нас маладыя, як правіла, апускаюць рукі, ні да чаго не імкнуцца. Ну малайчына, няхай. Будзем спадзявацца, што ён даможацца чагосьці добрага для нас».

У праграме Сяргея адвязаць дарожны падатак ад тэхагляду, заняцца добраўпарадкаваннем дваровых тэрыторыяў, а таксама надаць увагу развіццю моладзі.

«Каб гэтыя дзеці былі здаровымі, мы павінны самі паказваць гэты прыклад, і я буду ствараць усё і рабіць усё, каб у нас законы былі накіраваныя на здароўе нацыі, здароўе дзяцей», – кажа Сяргей Тышкавец.

У выбарчым працэсе Сяргей яшчэ не расчараваўся, маўляў, гатовы да любога выніку, бо дэпутацтва – не самамэта, а мэта – рабіць усё магчымае, каб жыццё людзей станавілася лепшым.


14:48 03/11/2019


Загрузка...
Загрузка...