АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Надзея Гацак: улады клапоцяцца пра свае Дразды, а беларусам застаюцца толькі падачкі

Старшыня аргкамітэту Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Надзея Гацак, якая з’яўляецца кандыдатам у дэпутаты па 96-ай акрузе, у сваім відэавыступе на тэлеканале “Беларусь 3” заявіла, што беларускія ўлады не лічацца з людзьмі.


“Ігнаруюць вашы думкі і пажаданні. Клапоцяцца пра свае Дразды і спецпаліклінікі. А нам з вамі застаюцца толькі падачкі. Ім новыя палацы – а беларусам павышэнне пенсійнага ўзросту. Ім чарговыя рэзідэнцыі – а беларусы павінны збіраць грошы, каб вылечыць дзяцей. Ім Еўрапейскія гульні – а беларусам паборы ў садках і школах. Ім паліклінікі і бальніцы для чыноўнікаў – а беларусам бясконцыя чэргі да дактароў. Гэта ўсё трэба змяняць”, - адзначыла старшыня МХД.

Асноўную ўвагу яна, маці трох дзяцей, звярнула на праблемы беларускай адукацыі, бо “ад таго, як вучацца сёння нашы дзеці, залежыць тое, якой будзе Беларусь заўтра”.

На яе думку, трэба вызваліць настаўнікаў ад залішняй нагрузкі, ад запаўнення паперак і хаджэння па кватэрах. Трэба павысіць заробкі і прэстыж працы настаўнікаў, каб людзі хацелі навучаць у школах, а не думалі, як пракарміць сваю сям’ю.

“Грошы для гэтага ёсць. Іх хапае на разнастайныя гульні, рэзідэнцыі, трыумфальныя аркі і туалеты за 1 млн долараў. А гэтыя сродкі так патрэбныя школам і настаўнікам”, - адзначыла Надзея Гацак.

Паводле яе, універсітэтам трэба даць акадэмічную свабоду, каб яны не залежылі “ад прыхацяў чыноўнікаў”, а вышэйшая адукацыя адпавядала патрэбам рынку.

У якасці адной з прычынаў, чаму беларускай адукацыя не развіваецца, лідарка МХД назвала тое, што Міністэрства адукацыі ўзначальвае міністр-камуніст Ігар Карпенка, праз якога ведамства “ператварылася ў прывід камунізму”.

“Ігар Карпенка павінен вызваліць месца для тых, хто думае пра будучыню, а не жыве ідэямі мінулага стагоддзя”, - заявіла Надзея Гацак.

11:49 25/10/2019


Загрузка...
Загрузка...