АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Судовыя выканаўцы замерлі ў чаканні - Мінгарсуд абавязаў за Дзень Волі-2019 заплаціць міліцыі $ 4000

Мінгарсуд пакінуў у сіле рашэнне суда Маскоўскага раёна, па якім арганізатары Дня Волі-2019 павінны заплаціць ГУУС Мінгарвыканкама 8013 рублёў. Яшчэ 400 рублёў арганізатары павінны заплаціць за судовыя выдаткі.

Судовыя выканаўцы замерлі ў чаканні - Мінгарсуд абавязаў за Дзень Волі-2019 заплаціць міліцыі $ 4000
Цяпер арганізатары пастаўлены перад выбарам: альбо аплаціць паслугі міліцыі на працягу месяца, альбо судовыя выканаўцы апішуць маёмасць - і ўсё роўна знойдуць грошы.

Нагадаем, арганізатары мерапрыемства разарвалі дамову аб ахове грамадскага парадку з ГУУС Мінгарвыканкама пасля выкрадання падчас акцыі некалькіх актывістаў.

1 жніўня суд Маскоўскага раёну Менску адмовіў Ігару Барысаву, Мікалаю Казлову, Вользе Кавалькова і Юрыю Губарэвічу у задавальненні іскавых патрабаванняў да ГУУС Мінгарвыканкама аб скасаванні дагавора аб аказанні паслуг па ахове грамадскага парадку.

Суд задаволіў іскавыя патрабаванні мінскай міліцыі аб спагнанні сумы запазычанасці, працэнтаў за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі, няўстойкі ў агульнай суме 8013.11 рублёў.

Арганізатары не пагадзіліся з рашэннем суда па шэрагу падстаў.
Напрыклад, сума працэнтаў за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі склала 197.36 рублёў, сума ж няўстойкі - 1440.75 рублёў.

Арганізатары Дня Волі лічаць, што "памер няўстойкі (1440.75 рублёў) перавышае памер стаўкі рэфінансавання, устаноўленай Нацбанкам Рэспублікі Беларусь (9.50% з 14 жніўня 2019 г.)", а таксама больш чым у сем разоў перавышае памер працэнтаў за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі ( 197.36 рублёў).

Акрамя таго, суд не ўлічыў, што чацвёра заяўнікаў Дня Волі раней аштрафаваныя судом Цэнтральнага раёна Менска (пастановы ад 30 красавіка 2019 г. i ад 2 мая 2019 г.) за няплату паслуг па ахове грамадскага парадку па ч.2 арт.23.34 КаАП.

- У нас ёсць час для падачы скаргі ў наглядным парадку на імя старшыні Мінгарсуда, а затым - Вярхоўны суд. Аднак судовае рашэнне ўжо падлягае выкананню. Мы пастаўлены перад выбарам: альбо аплаціць гэтую суму, альбо прыйдуць судовыя выканаўцы, апішуць маёмасць - і ўсё роўна знойдуць грошы, - сказаў «Беларускаму партызану» Юрась Губарэвіч.

Дзе браць амаль 4 тысячы долараў?

- У прынцыпе, мы яшчэ не сканчалі збор сродкаў, абвешчаны вясной 2019 г. пры падрыхтоўцы Дня Волі. Нам дапамагалі і ўлетку, і ўвосень - пэўную суму набяром. Хацелася б, каб увесь цяжар фінансавай адказнасці не лёг на плечы чатырох заяўнікаў, - паведаміў Губарэвіч.

"Беларускі партызан"
17:19 21/10/2019


Загрузка...
Загрузка...