АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Урад Эквадора пакінуў сталіцу праз пратэсты

Урад Эквадора пакінуў сталіцу краіны Кіта з прычыны масавых пратэстаў, якія пачаліся ў выніку рэзкага павышэньня коштаў на паліва, выкліканага адменай дзяржаўных субсідый.


У Кіта таксама накіроўваюцца ня менш за 20 тысяч удзельнікаў маршу карэнных народаў Эквадора і фэрмэры. Акцыя пратэсту заплянаваная на 9 кастрычніка.


Першыя групы яго ўдзельнікаў ужо прыбылі ў сталіцу краіны, дзе атачылі будынак Кангрэсу. У ноч на аўторак, па паведамленьні мясцовага тэлеканала, дэманстранты падпалілі аўтамабіль сіл бясьпекі і адзін з паліцэйскіх участкаў.

Напярэдадні прэзыдэнт краіны Ленін Марэна паведаміў у тэлезвароце аб пераводзе ўрада ў Гуаякіль. Ён таксама абвінаваціў свайго папярэдніка Рафаэля Карэа і прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадуру ў спробах арганізаваць у краіне дзяржаўны пераварот.


Пратэсты ў Эквадоры пачаліся праз рэзкае павышэньне коштаў на паліва. З пачатку кастрычніка яны падскочылі больш чым удвая. Прэзыдэнт Марэна ўвёў рэжым надзвычайнага становішча тэрмінам на 60 дзён. З пачатку пратэстаў адзін мірны жыхар загінуў, яшчэ 77 чалавек атрымалі раненьні. Каля 500 чалавек былі затрыманыя.

Масавыя акцыі паралізавалі працу грамадзкага транспарту. Эквадорская дзяржаўная нафтавая кампанія прыпыніла працы на трох нафтавых радовішчах, якія былі захопленыя ўдзельнікамі пратэстаў.

Скасаваньне субсыдый на паліва, якія былі ўведзеныя больш за 40 гадоў таму, зьяўляецца часткай пакета эканамічных мер, з дапамогай якіх улады Эквадора хочуць змагацца з крызісам у краіне. Раней Эквадор атрымаў ад Міжнароднага валютнага фонду пазыку ў памеры больш за 4 мільярды даляраў. У адказ Кіта абавязаўся скараціць дзяржаўныя выдаткі.

svaboda.org
14:57 08/10/2019


Загрузка...
Загрузка...