АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

ТОП-5 мінскіх выбарчых пікетаў, якія скончыліся папярэджаннямі

Адзін са спосабаў вылучыцца ў кандыдаты ў дэпутаты — збор подпісаў. Ужо амаль месяц вылучэнцы і іх ініцыятыўныя групы збіраюць галасы выбаршчыкаў.

ТОП-5 мінскіх выбарчых пікетаў, якія скончыліся папярэджаннямі
 На гэта засталося некалькі дзён — да 7 кастрычніка ўключна. Для таго, каб вылучыцца ў кандыдаты ў Беларусі трэба прадаставіць у камісію не менш за 1000 подпісаў выбаршчыкаў, якія яго падтрымліваюць. Хтосьці збірае іх шляхам пакватэрнага абыходу, а хтосьці выбраў збіраць подпісы шляхам пікетавання.

Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” працягвае атрымліваць інфармацыю па ўсёй Беларусі пра вынясенне акруговымі камісіямі папярэджанняў вылучэнцам за “парушэнне заканадаўства падчас збору подпісаў”. Пераважна — па фактах датэрміновай агітацыі.

Зрабілі падборку пяці выбарчых пікетаў, якія адбыліся за гэты час у Мінску, і якія скончыліся вынясеннямі папярэджанняў.

1. Пікеты пад лозунгам “Лукашенко должен уйти”

Менавіта за гэты лозунг на стэндах, якія выкарыстоўваліся падчас збору подпісаў, былі вынесены дзесяткі папярэджанняў па ўсёй краіне актывістам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). Некаторым актывістам такія папярэджанні былі вынсены двойчы. Напрыклад, актывісту “Еўрапейскай Беларусі” Андрэю Войнічу.

Аналітыкі кампаніі звяртаюць увагу на дваістасць разумення акружнымі камісіямі такіх лозунгаў. Папярэджанні выносяцца прадстаўнікам апазіцыі, а датэрміновая агітацыя іншых кандыдатаў, якія таксама выкарыстоўваюць падчас збору подпісаў лозунгі агітацыйнага зместу, застаюцца па-за межамі ўвагі дзяржаўных органаў і камісій. Напрыклад, лозунг старшыні “Белай Русі” Г. Давыдзькі “Если можешь – обязан!” ці прадстаўніка гэтай жа арганізацыі Т. Думбадзе: “Я пройду этот пусть с вами” альбо С. Дзіка “Завтра начинается сегодня” і іншыя.

2. Пікет памяці

16 верасня, у дзень 20-годдзя са дня знікнення палітыка Віктара Ганчара і бізнэсмэна Анатоля Красоўскага Аб'яднаная грамадзянская партыя зладзіла пікет памяці. Ён адбыўся падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдата, лідара АГП Мікалая Казлова.

Прадстаўнікі камісіі па Мінскай-Старавіленскай выбарчай акрузе №105 папярэдзілі Казлова, што подпісы за сваё вылучэнне ў кандыдаты трэба збіраць без падобных заяваў.

Акрамя гэтага, супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС расцанілі пікет як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

3. Пікет блогераў

Гаворка ідзе пра блогера Мікалая Маслоўскага, які вылучаецца па Мінскай-Кальварыйскай выбарчай акрузе №104. Падчас аднаго з пікетаў, на які з’ехаліся блогеры з розных рэгіёнаў Беларусі (Андрэй Павук, Марат Мінскі, Аляксандр Кабанаў, Сяргей Пятрухін і іншыя), адзін з блогераў Сяргей Ціханоўскі раздаваў налепкі з рэкламай свайго ютуб канала "Краіна для жыцця".

У выніку камісія вынесла папярэджанне блогеру Мікалаю Маслоўскаму.

Дарэчы, гэта не адзіны выпадак, калі вылучэнцу выносяць папярэджанне за рэкламу свайго ютуб-канала. 20 верасня выбарчая камісія Мінскай-Грушэўскай акругі №98 папярэдзіла актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Андрэя Войніча за тое, што ён падчас правядзення пікету па просьбе аднаго з мінчан даў запісаны на кавалку паперы адрас свайго канала на Youtube. Гэта было расцэнена таксама як агітацыя, якая забаронена заканадаўствам падчас збору подпісаў.

4. Пікет з раздачай матэрыялаў “адрасаваных прэзідэнту Літвы наконт БелАЭС”

Гутарка ідзе пра выбарчы пікет 19 верасня па збору подпісаў па вылучэнню ў кандыдаты старшыні БНФ Рыгора Кастусёва.

“Пры правядзенні пікета сябрам ініцыятыўнай групы А.Таўстыка, праводзілася інфармаванне грамадзян аб дзейнасці БНФ. Таксама, грамадзянам раздаваліся друкаваныя інфармацыйныя матэрыялы, адрасаваныя прэзідэнту Літоўскай Рэспублікі, якія тычацца будаўніцтва Беларускай АЭС. Пазней, Таўстыка А.В. на сваёй старонцы ў Фэйсбук была размешчана інфармацыя аб тым, што мэтай пікету, з'яўлялася вывучэнне паводзін мінчукоў”, — вось так растлумачыла камісія па Мінскай-Купалаўскай выбарчай акрузе №95 падставы для вынясення папярэджання ініцыятыўнай групе Кастусёва.

Яны паведамілі, што пікет не адпавядаў мэты свайго прызначэння, а таксама пры яго правядзенні выкарыстоўвалася інфармацыя, якая не адносіцца да вылучэння асобы кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Па інфармацыі БНФ, папярэджанне было вынесенае пасля таго, як камісія разглядзела і адхіліла скаргу Рыгора Кастусёва на парушэнні з боку ініцыятыўнай групы праўладнай вылучэнкі Сайганавай.

5. Пікет каля рэстарана “Поедем Поедим”

Днямі было вынесена папярэджанне ініцыятыўнай групе па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты сябры Партыі БНФ Валерыю Рабцаву. Ён праводзіў пікет каля рэстарана “Поедем Поедим”. Падставай стала  інфармацыя з Бараўлянскага аддзела міліцыі.

“Пікет не адпавядаў мэце свайго прызначэння”, — напісала ў рашэнні камісія па Заслаўскай акрузе №77.



09:03 05/10/2019


Загрузка...
Загрузка...