АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Міжнародныя эксперты абвесцілі, што з’яўляецца найважнейшымі пагрозамі міру

Два дні дыскусіяў на Варшаўскім форуме па бяспецы з удзелам тысяч экспертаў і больш як 120 палітыкаў, дыпламатаў і вайскоўцаў – у тым ліку і з Беларусі. Што найбольш пагражае міру ў нашым рэгіёне? Перадае "Белсат".



Да чаго прывядзе спаборніцтва ЗША і Кітаю? Як супрацьдзеяць расейскім хакерам і дэзынфармацыі? У якім кірунку будуць развівацца беспілотныя баявыя сістэмы? Больш за 40 тэмаў на сёлетнім Варшаўскім форуме бяспекі абмеркавалі 1200 гасцей з усяго свету. Што яны лічаць найважнейшымі пагрозамі міру?


Радослаў Сікорскі, былы міністр замежных справаў Польшчы:

«Расейская дактрына, якая дазваляе Маскве першай выкарыстаць ядравую зброю ў канфлікце з NATO. Цяпер мы ў вельмі небяспечным этапе дачыненняў з Іранам. Іран правакуе, і я спадзяюся, ЗША не паддадуцца на правакацыю. Яшчэ адна пагроза – гандлёвыя войны, якія могуць падарваць сусветную эканоміку».


Упершыню на форум запрасілі прадстаўнічую беларускую дэлегацыю – намесніка міністра замежных справаў Алега Краўчанку, а таксама 10 беларускіх журналістаў і экспертаў у галіне бяспекі.

Арсеній Сівіцкі, Цэнтр замежнапалітычных і стратэгічных даследаванняў:

«Удзел у такім форуме дае ўяўленне пра тое, як нашыя польскі калегі ацэньваюць рэгіянальную сітуацыю з бяспекай, якія пагрозы яны бачаць з боку сваіх суседзяў, так ці інакш звязаных з Расеяй».

Збігнеў Пісарскі, Фонд імя Казімежа Пуласкага, Варшава:

«Ізаляцыя Беларусі не прынесла вынікаў. А цяпер склалася такая сітуацыя, што існаванне беларускай дзяржавы пад пагрозай з-за паводзінаў Расейскай Федэрацыі».

Удзельнікі форуму не пакінулі без увагі і апошніх зменаў у замежнай палітыцы Беларусі. На фоне цяжкіх перамоваў з Масквой Менск пачаў паляпшаць дачыненні з ЗША.

Дэйвід Крэймэр, экс-дарадца дзяржсакратара ЗША:

«Я сапраўды хацеў бы, каб нашыя стасункі з Беларуссю палепшыліся. Аднак Лукашэнка, на мой погляд, папросту працягвае граць на супярэчнасцях паміж Расеяй і Захадам. Вяртанне амбасадараў у Менск і Вашынгтон зменіць няшмат, гэта было адносна лёгка зрабіць».


Якія высновы з форуму зрабілі беларускія эксперты? Арсеній Сівіцкі, Цэнтр замежнапалітычных і стратэгічных даследаванняў:

«Агульны трэнд на эскалацыю і непрадказальнасць працягнецца. І гэта звязана з тым, што ўскладняецца сам свет, міжнародныя працэсы становяцца больш нестабільнымі».

І Беларусі трэба вучыцца жыць у свеце, дзе ўчорашнія сябры могуць стаць супернікамі, а супернікі – сябрамі, падсумоўвае эксперт.



09:51 04/10/2019


Загрузка...
Загрузка...