АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Беларускага «шпіёна» за дзень да сустрэчы Лукашэнкі і Зяленскага вызвалілі з-пад варты

Новазаводзкі раённы суд Чарнігава вызваліў з-пад варты грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыку, абвінавачанага ва Ўкраіне ў зборы сакрэтнай інфармацыі на карысьць «нявызначанага дзяржаўнага органа Беларусі», паведамляе Радыё Свабода.

Як паведаміў Свабодзе ягоны адвакат Тарас Гаралюк, адпаведнае рашэньне ўхвалена сёньня на пасялджэньні па выніках разгляду ягонага хадайніцтва.

Сёлета ў жніўні суд ужо ухваліў рашэньне аб магчымасьці вызваленьня Юрыя Палітыкі пад пэўныя абмежаваньні пры ўмове сплаты закладу ў памеры 576,3 тысяч грыўняў (прыблізна 23 тысячы даляраў)
 «Заклад ніхто ня сплачваў. Суд зьмяніў меру папярэдняга ўтрыманьня ў дачыненьні да яго. Я падаваў адпаведнае хадайніцтва. Ён вызвалены пад асабістыя абавязацельствы», — паведаміў Тарас Гаралюк.

Паводле яго, судовы працэс па разгляду ягонай справы будзе працягвацца, і Юры Палітыка мусіць зьяўляцца на паседжаньні па выкліку суда і не ўплываць на сьведкаў.

На пытаньне, у якой краіне грамадзянін Беларусі мусіць знаходзіцца, Тарас Гаралюк адказаў: «Ён можа жыць, дзе хоча, з правам выезду, куды хоча».

Гісторыя шпіёнскага скандалу

Грамадзянін Беларусі Юры Палітыка быў затрыманы ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм».
Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Суд пачаў разглядаць ягоную справу па сутнасьці толькі сёлета ў красавіку.
Украінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Менску празь некалькі месяцаў пасьля затрыманьня Юрыя Палітыкі ва Ўкраіне, 25 кастрычніка 2017 году. Яго абвінавацілі ў стварэньні ў Беларусі шпіёнскай сеткі зь ліку грамадзян краіны, «якія за грашовае ўзнагароджаньне выконвалі ягоныя заданьні па зьбіраньні зьвестак выведнага характару ў вайскова-палітычнай сфэры».
23 траўня 2018 году Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў украінскаму журналісту Паўлу Шаройку 8 гадоў пазбаўленьня волі. Цяпер ён адбывае пакараньне ў бабруйскай калёніі № 2, а Камісія памілаваньня пры прэзыдэнце Беларусі вывучае ягоныя дакумэнты аб памілаваньні.
Увесь гэты час праваахоўныя органы Беларусі і Ўкраіны не выключалі магчымага абмену Юрыя Палітыка і Паўла Шаройкі. У жніўні 2018 году група беларускіх пракурораў прыяжджала ў Кіеў на сустрэчу з калегамі, каб абмеркаваць гэтае пытаньне. Але бакі не змаглі дамовіцца, бо Беларусь настойвае на тым, што Юры Палітыка ня мае і ніколі ня меў ніякага дачыненьня да дзейнасьці спэцслужбаў.

На сустрэчы з украінскімі журналістамі 26 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў найбліжэйшы час гатовы разгледзець памілаваньне асуджанага ў Беларусі за шпіянаж украінца Паўла Шаройкі, а таксама беларуса Юрыя Палітыкі, абвінавачанага ў шпіянажы ва Ўкраіне. Дамоўленасьці пра гэта, сьцьвярджае ён, былі з папярэднім прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, але свае абавязкі ня выканаў украінскі бок.

Ці будзе абмен, ці нейкі іншы мэханізм рашэньня «шпіёнскага» пытаньня, Лукашэнка не ўдакладніў.

Заўтра ў Жытоміры мае адбыцца першая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.



08:11 04/10/2019


Загрузка...
Загрузка...