АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Ярмошына намякнула, што «Міс Беларусь» Марыя Васілевіч занадта маладая, каб быць дэпутаткай

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына пракамэнтавала рашэньне 22-гадовай Марыі Васілевіч балятавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, піша Tut.by.


«Думаю, насельніцтву гэта спадабаецца, — сказала Ярмошына пра Васілевіч. — Адзінае што, у мяне асабістая пазыцыя як выбарніка і дзяржаўнага чыноўніка: у дэпутаты павінны ісьці людзі сталыя».

Сама Васілевіч раней адзначала, што мінімальны ўзрост дэпутата — 21 год. А ёй ужо на год больш.

Марыя Васілевіч — пераможца конкурсу «Міс Беларусь» 2018 году. Дзяўчына часта суправаджае ў паездках Аляксандра Лукашэнку, які зьвяртаецца да яе «дзетка». У 2018 годзе Аляксандар Лукашэнка прапаноўваў Марыі Васілевіч узначаліць калгас, і тая нават пагадзілася, але кіраўніцай гаспадаркі ня стала.

Ярмошына таксама заявіла, што цяпер патэнцыйныя кандыдаты «праводзяць палітычныя кампаніі, акрамя збору подпісаў» і робяць «часам больш, чым павінны, калі займаюцца ня тымі рэчамі, якімі мусяць займацца ў час збору подпісаў, у сувязі з чым абвяшчаюцца папярэджаньні». Агулам за мінулы тыдзень вынесьлі 22 папярэджаньні. На просьбу ўдакладніць, ці маецца на ўвазе пікет Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў памяць аб зьніклых 20 гадоў палітыках, яна не адказала.

Назіральнікі ад Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) пакуль не падалі анкеты на акрэдытацыю на выбарах, дадала Ярмошына, а першая група назіральнікаў ад Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ) прыедзе ўжо 7 кастрычніка.

svaboda.org
12:11 02/10/2019


Загрузка...
Загрузка...