АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

«Формула Штайнмаера» ўзгодненая, але палітычнай згоды няма. Як у парлямэнце Ўкраіны адрэагавалі на дамоўленасьці ў Менску

Плянавае пасяджэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны сёньня затрымалася амаль на гадзіну — пасьля навінаў аб тым, што Ўкраіна пагадзілася на разьвядзеньне войскаў і правядзеньне выбараў на акупаванай частцы Данбасу паводле «формулы Штайнмаера», Уладзімір Зяленскі вымушаны быў тлумачыць кіраўнікам парлямэнцкіх фракцыяў падрабязнасьці менскіх дамоўленасьцяў.

Сустрэча адбывалася ў закрытым рэжыме, але, як сьцьвярджаюць удзельнікі сустрэчы, ніякіх новых падрабязнасьцяў Уладзімір Зяленскі не паведаміў.

Кіраўнік парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях замежных спраў Багдан Ярэменка (фракцыя «Слуга народу») пасьля сустрэчы паведаміў, што напярэдадні ў Менску ў рамках трохбаковай кантактнай менскай групы не падпісвалася ніякіх дакумэнтаў. Гаворка ідзе аб узгадненьні шляхам абмену лістамі фармуляваньня, прапанаванага Расеяй, аб фармаце дзеяньня закону аб асаблівым статусе Данбасу.

 «Узгадненьне гэтага фармуляваньня было перадумовай, патрабаваньнем Расеі для правядзеньня саміту ў нармандзкім фармаце. Гэта іхная перадумова для дыялёгу прэзыдэнтаў, дыялёгу, які павінен прынесьці мір», — падкрэсьліў Багдан Ярэменка.

Паводле яго, ліст, падпісаны прадстаўніком Украіны ў менскай групе Леанідам Кучмам, ня ёсьць юрыдычным дакумэнтам:

«Мы хочам перамоў, але і Ўкраіна мае таксама свае перадумовы і яны выразна заяўленыя прэзыдэнтам: маюць прадоўжыцца абмен палоннымі, разьвядзеньне войскаў, каб дасягнуць сталага прыпыненьня агню. І так, мы павінны атрымаць кантроль над тэрыторыямі, на якіх будуць адбывацца выбары да органаў мясцовай улады. Усе гэтыя „чырвоныя лініі“ дакладна вызначаныя прэзыдэнтам Зяленскім».

Багдан Ярэменка падкрэсьліў, што менавіта гэта будзе закладвацца ў новы закон аб асаблівым статусе асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей:

«Закон, які ўхвалены раней, прадугледжвае безумоўную амністыю, мясцовую міліцыю і гэтак далей. Гэтага ня хоча і прэзыдэнт Зяленскі. Таму я прашу вашай падтрымкі і спакою — наша дыпляматыя працуе, каб дасягнуць міру. Ён не даецца простай цаной — расейскія танкі стаяць у нас на Данбасе і ў Крыме, Расея можа навязваць нам сваю волю, але яна ніколі не прымусіць нас пераступіць праз „чырвоныя лініі“».

У сваю чаргу экс-прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што «формулу Шайнмаера» не існуе ў прыродзе: яе распрацавалі ў Крамлі для абароны расейскіх інтарэсаў. «Сустрэчы ў нармандзкім фармаце павіны быць без якіх-кольвек папярэдніх умоў. Прымаючы „формулу Штайнмаера“, Украіна добраахвотна адмовілася ад дарожнай мапы, падтрыманай Нямеччынай і Францыяй», — заявіў Парашэнка.

Паводле экс-прэзыдэнта, перад выкананьнем палітычных умоў неабходна выканаць умовы бясьпекі: вывесьці расейскія войскі і цяжкую вайсковую тэхніку з Украіны, раззброіць незаконныя вайсковыя фармаваньні, забясьпечыць кантроль над мяжой, дзейнасьць украінскіх палітычных партый і ўдзел выбарах тых грамадзян, якія выехалі з акупаваных тэрыторый. «Адзінае, што мы зараз атрымалі — гэта ўдар па сусьветнай салідарнасьці і падтрымцы Ўкраіны», — перакананы ён.

Лідэрка фракцыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка мяркуе, што Ўкраіна мусіць прапанаваць сваю формулу ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе: «Формула Штайнмаера» у дыпляматычным сьвеце ўспрымаецца такім чынам: спачатку выбары, а потым, як жыцьцё складзецца. А формула Ўкраіны — спачатку поўная дэмілітарызацыя, аднаўленьне кантролю над мяжой і дзеяньня Канстытуцыі і законаў Украіны на гэтай тэрыторыі, а толькі потым выбары".

Фракцыя «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё» стала адзінай з тых, што падтрымала ўвядзеньне «формулы Штайнмаера» ў заканадаўства Ўкраіны.

«Менскія дамоўленасьці адкрываюць шлях да міру і эканамічнай стабільнасьці. Мы заклікаем усе палітычныя сілы і дэпутатаў падтрымаць шлях па завяршэньні вайны і дасягненьні міру ў нашай краіне. Вярхоўная Рада абавязана пачаць працаваць над законапраектамі, якія прадугледжаныя менскімі дамоўленасьцямі», — заявіў дэпутат гэтай фракцыі Нестар Шуфрыч.
У перапынку фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» Пятра Парашэнкі, «Голас» Сьвятаслава Вакарчука і «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі правялі кансультацыі і прапанавалі сьпікеру Вярхоўнай Рады Дзьмітрыю Разумкову запрасіць у палямэнт на вячэрняе пасяджэньне міністра замежных спраў Украіны Вадзіма Прыстайку, каб абмеркаваць пазыцыю Ўкраіны на перамовах у нармандзкім фармаце.

Што адбылося напярэдадні

Украіна пагадзілася на ўрэгуляваньне сытуацыі на Данбасе паводле прапанаванага «нармандзкай чацьвёркай» пляну, вядомага як «формула Штайнмаера», паведаміў 1 кастрычніка прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі.

Але рашэньне спадабалася ня ўсім: некаторыя экспэрты кажуць, што «Ўкраіна прыняла расейскі сцэнар», і называюць гэта «капітуляцыяй» у вайне на Данбасе.
Адразу пасьля абвяшчэньня Зяленскім новай формулы на цэнтральную плошчу Кіева, майдан Незалежнасьці, выйшлі некалькі соцень грамадзкіх актывістаў. Яшчэ каля сотні ўкраінскіх нацыяналістаў і прыхільнікаў праварадыкальных сілаў вечарам 1 кастрычніка пікетавалі Офіс прэзыдэнта.


11:39 02/10/2019


Загрузка...
Загрузка...