АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

У Брэсце Лукашэнка расказаў, чаму ён не паехаў у Польшчу

У Брэсце Аляксандр Лукашэнка расказаў, чаму ён не паехаў 1 верасня ў Польшчу. Беларускага кіраўніка запрашалі паўдзельнічаць у юбілейных мерапрыемствах, прысвечаных пачатку Другой сусветнай вайны. А ў выніку нашу краіну прадстаўляў амбасадар у Польшчы.

"Дык не я адзін не паехаў, — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — І гэта не выпад супраць Захаду. Мы вельмі добра адносімся да польскага народа".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што беларусы з палякамі жылі ў адной дзяржаве. Таксама ён гаварыў, што на сённяшні дзень у нашай краіне жыве шмат палякаў. Сварыцца з Польшчай ён не хоча, нават нягледзячы на тое, што Варшава часам праводзіць тую палітыку, якая Мінску не падабаецца. "Мы не хочам ні з кім ваяваць, — гаворыць Лукашэнка. — Але мы не дазволім больш над намі здзекавацца. Нікому".

З такога доўгага тлумачэння не зусім зразумела, чаму ж Лукашэнка не паехаў у Польшчу. Ён таксама гаварыў, што супраць палітызацыі такой падзеі, як пачатак Другой сусветнай вайны, ці пачатак Вялікай Айчыннай вайны.

"Я гісторык, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы "Беларусь сегодня". — І па гісторыі вучыўся някепска. Калі пачалі гаварыць: вось 1 верасня, вайна пачалася — я падумаў: гэта што, свята? Што гэта за мерапрыемства? Адбылася бяда, катастрофа. Фашысты пачалі вайну супраць славян...".

Атрымліваецца, што Аляксандр Лукашэнка не згодны з самой ідэяй адзначаць пачатак Другой сусветнай вайны. Бо гэта не свята, а дзень жалобы.

Пракаментаваў Лукашэнка і незапрашэнне ў Польшчу Уладзіміра Пуціна. Яму гэта не спадабалася. "Мы ваявалі разам, — гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Беларусы і рускія". Ён падкрэсліў, што менавіта рускія ўнеслі асноўны ўнёсак у перамогу над нацызмам. "Не трэба палітызаваць гэтыя пытанні! — падвёў вынік Аляксандр Лукашэнка. — Яшчэ невядома, дзе мы апынемся праз дзясятак-другі гадоў".


19:30 06/09/2019


Загрузка...
Загрузка...