АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Перапiс - 2019 Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Таццяна Караткевіч з «Гавары праўду» не пойдзе на выбары ў Палату прадстаўнікоў

Адна з двух лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч ня будзе вылучацца на выбарах у Палату прадстаўнікоў у лістападзе. Пра гэта яна паведаміла Свабодзе.



Таццяна Караткевіч з «Гавары праўду» не пойдзе на выбары ў Палату прадстаўнікоў
«Я доўга ўзважвала ўсе «за» і «супраць» і сёньня магу заявіць: адмаўляюся ад асабістага вылучэньня. Вырашыла дапамагаць нашым вылучэнцам. Іх будзе ня меней за 30. Я ўпэўненая, што мой патранаж дасьць болей карысьці для «Гавары праўду», чым асабісты ўдзел у выбарчай кампаніі», — сказала Караткевіч.

Караткевіч згадвае, што адзін з асноўных пастулятаў кампаніі «Гавары праўду» — у краіне павінен быць не адзін, а шмат лідэраў.

«Краіне патрэбна 100 Караткевіч, а можа і больш. А ўсім вядомаму палітыку неабходная альтэрнатыва. Вось і будзем яе ствараць. Менавіта з гэтай прычыны я і не вылучаюся сама ў дэпутаты. Буду падтрымліваць нашых кандыдатаў. Тут і каардынацыя, і натхненьне, і нават кастынг», — кажа Караткевіч.

У 2016 годзе Тацяна Караткевіч брала ўдзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў, але прайграла ў сваёй акрузе іншай прадстаўніцы апазыцыі — Ганьне Канапацкай з Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

Тацяна Караткевіч кажа, што апошнім часам актыўная грамадзянская пазыцыя пачала знаходзіць запатрабаванасьць у грамадзтве.

«Людзі ўсё часьцей схіляюцца не да чынавенства і не да клясычнай апазыцыі. Іх усё болей прываблівае грамадзянскае стаўленьне да праблемаў. Асабліва мясцовых. «Гавары праўду» падказвае людзям, што і як яны павінны зрабіць. І бачым зваротную сувязь. Таму, калі гэтыя выбары будуць хоць збольшага сумленныя, мы спадзяёмся на дэпутацкія мандаты», — разважае лідэрка «Гавары праўду».

Яна таксама спадзяецца, што менавіта праца зь людзьмі сёлета дазволіць «Гавары праўду» павялічыць сваю прысутнасьць сярод назіральнікаў і сябраў выбарчых камісій розных узроўняў.

Тацяна Караткевіч кажа, што да завяршэньня кампаніі выбараў у Палату прадстаўнікоў малаверагодна, што «Гавары праўду» назаве імя свайго кандыдата на прэзыдэнта. Найхутчэй, гэта адбудзецца пасьля парлямэнцкіх выбараў.

«А гэта і блізка, і далёка. Для нас галоўнае — мабілізацыя грамадзтва. На гэта і будзем працаваць. А там можа атрымацца ўсё што заўгодна. Няважна, хто будзе гэты кандыдат. Важна тое, якія мэты мы ставім і што мы робім».

18:57 27/08/2019


Загрузка...
Загрузка...