АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Перапiс - 2019 Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Давыдзька: "Белая Русь" не рвецца ва ўладу — мы ва ўладзе

Праўладнае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" не плануе станавіцца партыяй. Пра гэта яе кіраўнік, чалец Савета Рэспублікі Генадзь Давыдзька заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу СТВ, перадае "Еўрарадыё".

Давыдзька: "Справа ў тым, што "Белая Русь" рэалізуе сваю палітыку, сваю праграму ў фармаце грамадскага аб'яднання вельмі і вельмі паспяхова. Мы не хочам змагацца за ўладу, мы ва ўладзе".

Па яго словах, 78% дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў уваходзяць у "Белую Русь". 

"У нас усё ёсць. У нас ёсць магчымасць змяняць недасканаласць гэтага свету на нашым узроўні. Як толькі мы станем партыяй, мы станем проста партыяй, якая павінна будзе змагацца за ўладу. Можа быць, у будучыні гэта, але не сёння", — патлумачыў Давыдзька.

Разам з тым ён заявіў, быццам лічыць сябе не палітыкам, а грамадскім дзеячам. Гэтаксама не палітычнай, а грамадскай дзейнасцю ён лічыць працу ў Савеце Рэспублікі: "Я працую ў камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні. Рэгіянальная палітыка — калі можна называць гэта палітыкай — гэта што? Гэта, зноў жа, рэвізія мясцовых заканадаўстваў і спроба з недасканаласцю гэтых механізмаў, калі яны дзесьці ёсць, змагацца. Можна назваць гэта палітыкай, але на самой справе гэта жыццё".

09:17 19/08/2019


Загрузка...
Загрузка...