АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

На Віцебшчыне колькасьць справаў, распачатых за гвалт над міліцыянтамі, вырасла ўтрая

У 2019 годзе ў Віцебскай вобласьці завялі 13 крымінальных справаў паводле арт. 364 КК РБ па фактах гвалту альбо пагрозаў яго прымяненьня ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі. Колькасьць справаў за гвалт над міліцыяй павялічылася ў параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам больш чым у тры разы.


Як паведамляе ўпраўленьне ўласнай бясьпекі МУС па Віцебскай вобласьці, сёлета было распачата ўжо 13 крымінальных справаў за гвалт ці пагрозы ўчыненьня гвалту над міліцыянтамі. Сем асобаў былі асуджаныя, тры справы разглядаюцца ў судах, яшчэ тры – знаходзяцца на стадыі папярэдняга расьсьледаваньня.

Як правіла, падобныя злачынствы рабіліся ў дачыненьні супрацоўнікаў міліцыі грамадзкай бясьпекі падчас нясеньня імі службы па ахове грамадзкага парадку альбо пры вядзеньні адміністрацыйнага працэсу.

Удакладняецца, што гвалтоўныя дзеяньні супраць міліцыі часьцей за ўсё ўчынялі мужчыны ў стане алькагольнага ап’яненьня, якія раней неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці за правапарушэньні грамадзкага парадку і маральнасьці.  

“Таксама ўсё большы распаўсюд атрымліваюць факты разьмяшчэньня інфармацыі, якая дыскрэдытуе органы ўнутраных справаў, у сеціве Інтэрнэт”, – канстатуе ўпраўленьне ўласнай бясьпекі міліцыі.

Паведамляецца, што на практыцы “даводзіцца сустракацца зь нежаданьнем супрацоўнікаў зважаць на абразьлівыя выпады на іхны адрас, а тым больш – ініцыяваць у гэтай сувязі прававы разбор”.

Артыкул 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка ўнутраных справаў) прадугледжвае пакараньне ў выглядзе арышту, альбо абмежаваньня волі тэрмінам да 5 гадоў, альбо пазбаўленьня волі на тэрмін да 6 гадоў.
11:03 13/08/2019


Загрузка...
Загрузка...