АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Аб’яднаная грамадзянская партыя заявіла пра пачатак перадвыбарчай кампаніі ў Магілёве. Галоўны довад – барацьба з «Омск карбон»

Прадстаўнікі партыі са спасылкай на магілёўскага чыноўніка паведамілі, што завод могуць і не запусціць.


Старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў і сябра АГП Таццяна Сівачэнка падчас прэс-канферэнцыі для журналістаў абвясцілі пра старт перадвыбарчай кампаніі.

Сам Шанцаў балатавацца ў дэпутаты адмовіўся. Паводле яго слоў, больш карысці ён прынясе, калі будзе даверанай асобай для кандыдатаў ад АГП. На мінулых парламенцкіх выбарах 2016 гады ён змагаўся за крэсла дэпутата па Магілёўскай-Сельскай акрузе №88 – як раз там размешчана прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў». Менавіта вакол барацьбы з гэтым заводам і плануюць будаваць сваю кампанію сябры АГП у нашым горадзе.

– Агульны наш партыйны лозунг – «Стоп Омск Карбон». Мы сабралі тысячу подпісаў жыхароў Магілёва, вёсак Вейна і Навасёлкі пад зваротам аб забароне ўводу ў эксплуатацыю гэтага прадпрыемства. Частка подпісаў будзе накіравана ў Магілёўскі аблвыканкам. Частка – міністру аховы прыроды. Я не збіраюся займацца нейкімі дробязямі, лімітава дапушчальнымі канцэнтрацыямі. Чалавек павінен дыхаць чыстым паветрам, – заявіў Шанцаў.

Таццяна Сівачэнка пацвердзіла, што ў сваёй кампаніі яна таксама будзе напіраць на экалагічную тэматыку. Адмыслова падабрала і лозунг – «Дыхай свабодна». Балатавацца яна будзе па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85.

Яна распавяла, што 7 жніўня разам з Уладзімірам Шанцавым яны сустрэліся са старшынёй абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалаем Дзядковым. Чыноўнік іх запэўніў, што ні ў жніўні, ні ў верасні «Омск Карбон» запушчаны не будзе:

– Яны яшчэ не прайшлі паўторную экалагічную экспертызу. І калі не пройдуць – то і завод запушчаны не будзе. Дзядкоў сказаў, што не факт, што «Омск Карбон» запусціцца, – паведаміла Сівачэнка.

Шанцаў расцаніў шанцы на запуск завода як «пяцьдзесят на пяцьдзесят».

Пры гэтым сябры АГП, хутчэй за ўсё, па Магілёўскай-Сельскай акрузе №88, дзе размешчаны «Омск Карбон», балатавацца не будуць – гэтая акругу адыдзе аднаму з прадстаўнікоў аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». БХД, як і АГП, уваходзіць у правацэнтрысцкай кааліцыю і падчас выбараў гэтыя палітычныя сілы будуць супрацоўнічаць.

– У бліжэйшыя час мы маем намер канчаткова вырашыць і абвясціць спіс сябраў АГП па Магілёве, хто збіраецца вылучыць сваю кандыдатуру на парламенцкіх выбарах, – заявіў Шанцаў.

14:37 10/08/2019


Загрузка...
Загрузка...