АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Што беларускія ўлады хочуць атрымаць ад Захада?

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі распавёў пра тое, чаму беларуская ўлада жадае “узмацняць дыялог” з Еўразвязам.

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніцай прадстаўніцтва Еўразвяза Андрэа Віктарын заявіў, што «няма сёння перашкод для таго, каб узмацняць дыялог не толькі па эканамічных, але і па палітычных пытаннях. Беларусь да гэтага гатова, давайце будзем у гэтым кірунку рухацца». 

Віталь Рымашэўскі: Беларускім уладам сёння патрэбна ад Еўропы тое, што ім патрэбна было і ўчора, і пазаўчора. Па-першае, фінансавая падтрымка. Па-другое, улада хоча атрымаць ад Захада поўнае прызнанне існуючай палітычнай мадэлі ў краіне. Але пра “ўзмацненне дыялога” (тым больш, палітычнага) складана казаць, бо пазіцыя афіцыйнага Менска застаецца нязменнай. Ніякія ўмовы Еўразвяза па дэмакратызацыі грамадства ніхто выконваць не збіраецца. Як мы бачым, не будзе ніякіх зменаў і ў выбарчае заканадаўства. Так што, па вялікім рахунку, заяўкі пра дыялог маюць усяго толькі пасыл для Еўропы, каб там хутчэй легалізавалі гэты рэжым і не патрабавалі рэформаў у краіне. 

- Захад на гэта гатовы пайсці? 

- Калі еўрапейцы пойдуць на гэта, то ўсё можа скончыцца досыць дрэнна. Напрыклад, улады пад развіццём палітычнага дыялога разумеюць таксама легалізацыю Палаты прадстаўнікоў, якая практычна на 100 адсоткаў прызначана, а не абраная народам. Калі Еўропа прызнае беларускі парламент і выбары, то гэтая сістэма закансервуецца, і ўлады будуць дэматываваныя хоць штосьці змяняць. Напрыклад, Беларусь прынялі ў Балонскі працэс, але, па інфармацыі з многіх ВНУ, тое, што там адбываецца, проста жах. Ёсць зачысткі заслужаных выкладчыкаў з вольнымі поглядамі, многія з іх прызначаюцца па прынцыпе лаяльнасці да ўлады. У Балонскі працэс Беларусь уключылі, так бы мовіць, авансам, але зараз ніхто і не збіраецца карэнным чынам рэфармаваць сістэму адукацыі. Адбываецца яе кансервацыя і дэградацыя. Тое самае будзе і ў палітычнай сферы, калі Еўропа перастане выстаўляць умовы аб правядзенні свабодных выбараў у Беларусі і выкананні правоў чалавека.


13:21 23/07/2019


Загрузка...
Загрузка...